pdf

ЛАНЬ

Дата стварэння: 09.10.2024 09:56:38

Дата змены: 08.01.2026 11:41:48


Лань

Рака ў Нясвіжскім і Салігорскім раёнах Мінскай вобласці, на мяжы Клецкага і Ганцавіцкага раёнаў і ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Даўжыня 147 км.

Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі: рэкі Нача і Люта (правыя), Цапра і Балванка (левыя).

Пачынаецца за 1,5 км на захад ад вёскі Габруны Нясвіжскага раёна, працякае па тэрыторыі Капыльскіх град і нізін Прыпяцкага Палесся, вусце на поўдзень ад аграгарадка Сінкевічы Лунінецкага раёна.

Плошча вадазбору 2 190 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,3 м³/с. Агульнае падзенне ракі 79,2 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰.

Даліна ў верхнім цячэнні карытападобная, шырынёй 1–1,5 км, на астатнім працягу невыразная.

Пойма нізкая, шырынёй 0,6–1 км, зрэзана меліярацыйнымі каналамі.

Рэчышча шырынёй 4–8 м, у ніжнім цячэнні 15–20 м.

Берагі адкрытыя, тарфяністыя.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 55 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў сакавіку.

Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню да рэгулявання ракі 1,5 м, максімальная — 1,9 м (1947) каля вёскі Лактышы Ганцавіцкага раёна. У летні перыяд рэжым узроўняў рэгулюецца шлюзамі.

Замярзае ў 1‑й дэкадзе снежня, ускрыццё ракі ў канцы сакавіка.

Вясновы крыгаход доўжыцца прыкладна чацвёра сутак.

У 1973–1975 гг. і 1979–1983 гг. рэчышча па усёй даўжыні каналізавана. У 2004–2005 гг. праведзена паўторнае паглыбленне (ад паўднёва-ўсходняй ускраіны вёскі Быхаўшчына Нясвіжскага раёна да пункта за 1,4 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Капланавічы Клецкага раёна; 18,9 км); зарэгулявана вадасховішча Лактышы (да 1975 сцёк ракі накіроўваўся ў раку Случ па канале Галоўны, пасля меліяравання — па каналізаваным канале ў Прыпяць).

Рэжым ракі вывучаецца з 1923 г., назіранні вядуцца на гідралагічным пасту ў вёсцы Мокрава Лунінецкага раёна.

Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.

Знаходзіцца ў межах ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць».

На рацэ размешчаны горад Клецк.