ЛАКТЫШЫ, вадасховішча ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці і Клецкім раёне Мінскай вобласці
pdf

ЛАКТЫШЫ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:14:50

Дата змены: 22.01.2026 13:20:16


location Google location Yandex

Лактышы, вадасховішча ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці


Лактышы́

Вадасховішча ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці і Клецкім раёне Мінскай вобласці.

Размешчана ў пойме ракі Лань, за 20 км на ўсход ад горада Ганцавічы, паміж вёскамі Лактышы і Будча Ганцавіцкага раёна.

Пабудавана ў 1975 г. (рэканструявана ў 1977).

Плошча 15,9 км², даўжыня 6 км, максімальная глыбіня 4,9 м, максімальная шырыня 4,2 км. Аб’ём вады 50,2 млн м³.

Плошча вадазбору 940 км². Вадазбор раўнінны, дробнахвалісты (разаранасць 50 %, залесенасць 16 %, забалочанасць 16 %). Сярэдні гадавы сцёк 118 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2 м. Катлавіна — частка забалочанай поймы. Дно плоскае, пераважна выслана глеем. Схілы ў заходняй частцы невыразныя (прылеглая да іх мясцовасць забалочана і аблесена), астатнія на працягу 9,8 км агароджаны дамбай. Пабудаваны шлюз-рэгулятар каля Лактышоў для перапуску вады ў вадасховішчы з рэк Лань і Нача. Рэчышчавае, сезоннага рэгулявання.

Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 9,9 км, максімальная вышыня 5 м), агараджальныя дамбы (агульная даўжыня 7,8 км, максімальная вышыня 3,85 м), вадаскід, 4 водазаборы, помпавая станцыя.

Водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, верхаводка, карась залаты і сярэбраны, плотка, карп, акунь, джгір.

Выкарыстоўваецца для рэгулявання сцёку Лані з меліярацыйнай мэтай, для водазабеспячэння рыбгаса «Лактышы», увільгатнення сельскагаспадарчых земляў, аматарскага рыбалоўства і рэкрэацыі.