Лю́банскае
Вадасховішча ў Любанскім і Старадарожскім раёнах Мінскай вобласці. Размешчана на рацэ Арэса, за 7 км на поўнач ад горада Любань.
Пабудавана ў 1966 г.
Плошча 22,5 км², даўжыня 11,8 км, максімальная шырыня 4,2 км, максімальная глыбіня 6,3 м. Даўжыня берагавой лініі 38 км. Аб’ём вады 39,5 млн м³.
Плошча вадазбору 850 км², вадазбор раўнінны (разаранасць 30 %, залесенасць 41 %, забалочанасць 10 %). Сярэдні гадавы сцёк больш за 142 млн м³. Чаша вадасховішча — затопленыя балотныя абшары. Катлавіна азёрападобная, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы спадзістыя. Больш чым 20 % берагоў — штучныя дамбы абвалавання. Дно выслана торфам (каля 50 %), глеем, пяском. Уздоўж левага берага ў ніжняй частцы 2 мелкаводныя залівы (затокі); 5 астравоў агульнай плошчай 0,5 км². Поўнасцю запаўняецца ў асенне-зімовы перыяд. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 0,8 м. Улетку вада праграецца да 18 °С. Замярзае на пачатку снежня, лёд таўшчынёй 45–55 см, крыгалом на пачатку красавіка. Зарастае каля 20 % плошчы (трыснёг, чарот, маннік, драсён і інш.).
Водзяцца шчупак, верхаводка, гусцяра, лешч, карась сярэбраны, амур белы, акунь, карп, таўсталобік белы, плотка, лінь, сом, джгір.
Рэчышчавае, сезоннага рэгулявання.
Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 3,15 км, максімальная вышыня 7,45 м), 2 агараджальныя дамбы (даўжыня 3,35 і 3,96 км), 2 вежавыя водазаборы, вадаскід.
Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, водазабеспячэння сажалак ААТ «Рыбакамбінат “Любань”», рэкрэацыі, заняткаў воднымі відамі спорту, аматарскага рыбалоўства.