Гаць
Вадасховішча ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Размешчана на рацэ Лахазва сярод лесу, за 22 км на паўднёвы захад ад горада Баранавічы, каля вёскі Яжона.
Пабудавана ў 1930–1934 гг.
Плошча 1,3 км², даўжыня 3,1 км, максімальная шырыня 0,7 км, максімальная глыбіня 4,7 м. Аб’ём вады 3,2 млн м³.
Плошча вадазбору 249 км². Вадазбор ўзгорысты (разаранасць 40 %, залесенасць 17 %, забалочанасць 19 %).
Сярэдні гадавы сцёк 32 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 0,6 м. Катлавіна выцягнута ў рачной даліне. Берагі моцна парэзаныя, спадзістыя, пад лесам. Дно выслана торфам і глеем. Моцнапраточнае. Замярзае ў канцы лістапада, ускрыццё ў канцы сакавіка — пачатку красавіка.
Водзяцца шчупак, карась залаты і сярэбраны, плотка, карп, лінь, акунь.
Рэчышчавае, сезоннага рэгулявання.
Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 600 м, максімальная вышыня 7,2 м), вадаскід, прыплацінная Лахазвінская ГЭС (у 1995 рэканструявана).
Выкарыстоўваецца дзеля энергетычных мэт і для рэкрэацыі. Вакол вадасховішча турысцкае УП «Лясное возера», базы адпачынку, аздараўленчыя лагеры.
У межах ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Стронга».