Чыгіры́нскае
Вадасховішча на мяжы Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Размешчана на рацэ Друць, за 32 км на ўсход ад горада Кіраўск, каля вёскі Чыгірынка Кіраўскага раёна.
Пабудавана ў 1960–1961 гг.
Плошча 21,2 км², даўжыня 5 км, максімальная шырыня 2,4 км, максімальная глыбіня 9,1 м. Даўжыня берагавой лініі 55 км. Аб’ём вады 60 млн м³.
Вадазбор раўнінны (плошча 850 км², разаранасць 30 %, залесенасць 41 %, забалочанасць 10 %).
Сярэдні гадавы сцёк 817 млн м³.
Чаша вадасховішча — затопленая пойма ракі Друць. Катлавіна выцягнута з поўначы на поўдзень.
Берагі каля прыплаціннай часткі абразійныя, у верхняй частцы — больш спадзістыя.
Дно выслана торфам (каля 38 %), глеем (19 %), пясчаным глеем (19 %), глеістым пяском (15 %), пяском (9 %).
Ёсць востраў агульнай плошчай 0,37 км².
Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 0,8–0,85 м. Улетку вада праграецца да 25,3 °С.
Моцнапраточнае, аб’ём воднай масы абнаўляецца на працягу 27 сутак. Замярзае на пачатку снежня, таўшчыня лёду да 55 см, крыгалом на пачатку красавіка.
Зарастае, асабліва ў паўночнай частцы.
Водзяцца шчупак, верхаводка, гусцяра, жэрах, лешч, карась сярэбраны і залаты, акунь, карп, язь, плотка, краснапёрка, лінь, сом, мянтуз, ратан-галавешка, джгір.
Рэчышчавае, сезоннага рэгулявання.
Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 840 м, максімальная вышыня 10 м), вадаскід, прырэчышчавая ГЭС, суднаходны шлюз (даўжыня 50 м, шырыня 10 м).
Выкарыстоўваецца для энергетычных мэт, рэкрэацыі, заняткаў воднымі відамі спорту, аматарскага рыбалоўства.