РАЧУНСКАЕ, вадасховішча ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці
pdf

РАЧУНСКАЕ

Дата стварэння: 07.08.2025 15:19:38

Дата змены: 03.03.2026 10:07:59


location Google location Yandex

Рачунское, водохранилище в Сморгонском районе Гродненской области


Рачу́нскае

Вадасховішча ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. Размешчана на рацэ Ашмянка (36 км ад вусця), за 13 км на паўночны захад ад горада Смаргонь, каля вёсак Малыя Рачуны, Снігяны і Падбярозы.

Пабудавана ў 1958–1959 гг.

Плошча 1,5 км², даўжыня 5,5 км, максімальная шырыня 0,8 км, максімальная глыбіня 4,7 м. Даўжыня берагавой лініі 13,8 км. Аб’ём вады 2,29 млн м³. Плошча вадазбору 840 км², слабаўзгорыстая раўніна (узаранасць 45 %, залесенасць 12 %, забалочанасць 10 %). Сярэдні гадавы сцёк больш за 184,5 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года нязначныя. Моцнапраточнае. Катлавіна выцягнута ў даліне рэк Ашмянка і Кернава́, складаецца з двух заліваў. Берагі ў асноўным высокія. У паўднёвай частцы невялікі востраў агульнай плошчай 0,1 км².

Зарастае хвашчом, аерам, маннікам, рагаліснікам, гарлачыкам жоўтым, урэчнікам.

Водзяцца шчупак, акунь, джгір.

Рэчышчавае, сутачнага рэгулявання.

Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 270 м), прырэчышчавая ГЭС (з 1977 не працавала, у 2001 рэканструявана), вадаскід.

Выкарыстоўваецца для энергетычных мэт, водазабеспячэння, рэкрэацыі, аматарскага рыбалоўства.