Дата стварэння: 22.05.2025 09:32:54
Дата змены: 12.02.2026 14:26:43
Гары́нь
Рака ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі і ва Украіне. Даўжыня 659 км, у межах Беларусі 82 км.
Правы прыток ракі Прыпяць.
Пачынаецца ў Цярнопальскай вобласці Украіны. Упадае ў раку Прыпяць двума рукавамі (левы называецца Ветліца) у слаба асвоенай і незаселенай мясцовасці. Працякае ў Беларусі па Лунінецкай нізіне.
Плошча вадазбору 27 700 км², у Беларусі 1 200 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 110 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні на тэрыторыі Беларусі 0,1 ‰. Гушчыня рачной сеткі каля 0,46 км/км².
Даліна ракі трапецападобная, на тэрыторыі Беларусі невыразная, шырыня да 2,5 км.
Пойма двухбаковая, лугавая, шырыня ў верхнім цячэнні 0,1–0,7 км, у сярэднім 1–1,5 км, у ніжнім да 2,5 км. У час разводдзя затапляецца на глыбіні 0,5–3 м тэрмінам на 1–2 тыдні.
Рэчышча звілістае, шырыня ў ніжнім цячэнні 150–200 м.
Берагі стромкія, абрывістыя.
Схілы спадзістыя.
Рака вылучаецца інтэнсіўным разводдзем, на якое прыходзіцца 44 % гадавога сцёку.
Замярзае ў 1‑й дэкадзе снежня, ускрыццё ракі ў канцы сакавіка.
Вясновы крыгаход працягваецца ў сярэднім трое сутак.
Суднаходства на працягу 291 км да вусця.
На гідралагічных пастах у рабочым пасёлку Рэчыца і горадзе Давыд-Гарадок вядуцца назіранні.
Каля горада Столін знаходзіцца зона адпачынку Гарынь.
У прывусцевай частцы Гарынь і Ветліца працякаюць па тэрыторыі ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць».
На рацэ размешчаны гарады Столін і Давыд-Гарадок.