Дата стварэння: 08.08.2025 14:17:58
Дата змены: 08.01.2026 11:27:20
Трэ́мля
Рака ў Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 84 км.
Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі — рака Мядзведзь, канава Дубнянская, канава Плясецкая (раней канал Плясецкі) (левыя).
Пачынаецца на паўднёвы ўсход ад вёскі Раманішчы Акцябрскага раёна, вусце ў межах Мазырскага раёна, за 2,7 км на паўднёвы захад ад вёскі Мі́хнавічы Калінкавіцкага раёна. Цячэ пераважна па ўсходняй ускраіне Прыпяцкага Палесся.
Плошча вадазбору 769 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,1 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰.
Даліна невыразная.
Пойма двухбаковая.
Рэчышча каналізаванае на працягу 73,5 км ад вытоку.
Замярзае ў сярэдзіне снежня, разводдзе ў канцы 2‑й дэкады сакавіка да 39 сутак.