Дата стварэння: 21.05.2025 15:32:45
Дата змены: 26.01.2026 10:04:16
Пціч
Рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Даўжыня 421 км.
Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі: рэкі Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева).
Плошча вадазбору 9470 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 176 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Пачынаецца на вышыні 295 м над узроўнем мора за 1 км на захад ад вёскі Нарэйкі Дзяржынскага раёна, вусце за 1 км на ўсход ад вёскі Багрымавічы Петрыкаўскага раёна. Верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на захадзе Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізінах Прыпяцкага Палесся. Паводле будовы даліна і рэчышча падзяляюцца на 2 участкі: верхні (ад вытоку да аграгарадка Дараганава Асіповіцкага раёна, 203 км) і ніжні (ад аграгарадка Дараганава да вусця, 218 км).
Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная (шырынёй 1,5–5,5 км, каля вытоку да 0,1 км), у нізоўі невыразная.
Пойма двухбаковая (шырынёй 60–300 м) да пасёлка Гарадзішча Мінскага раёна, ніжэй 1–3 км, каля вёскі Пясчанка Асіповіцкага раёна — да 5 км.
Рэчышча свабодна меандруе, мае шмат праток, якія ўтвараюць астравы. Шырыня рэчышча ў верхнім цячэнні да вусця ракі Асачанка (85 км ад вытоку) 5–10 м, ніжэй — 20–45 м, у ніжнім цячэнні — 45–70 м.
Разводдзе ў канцы сакавіка, у верхнім цячэнні каля 40 сутак, у ніжнім — 84 сутак. Самы высокі ўзровень разводдзя на пачатку сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,4–3,2 м, максімальная 3,7 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгаход у канцы сакавіка.
Каля вёскі Лучыцы Петрыкаўскага раёна (60 км ад вусця) максімальны расход вады 800 м³/с (1931), мінімальны 5,76 м³/с (1915).
На рацэ знаходзіцца Воўчкавіцкае вадасховішча (у вярхоўі); гарадскія пасёлкі Глуск і Капаткевічы, санаторый-прафілакторый «Пціч» у вёсцы Гарадок Глускага раёна.