СЦВІГА, рака ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі і ва Украіне
pdf

СЦВІГА

Дата стварэння: 21.05.2025 16:01:29

Дата змены: 08.01.2026 11:32:47


Сцві́га

Рака ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, у Ровенскай вобласці Украіны. Даўжыня 178 км, у межах Беларусі 112 км.

Правы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі ў Беларусі — рака Плаў, каналы Бычок (правыя), рака Маства (левы).

Пачынаецца ў Са́рненскім раёне Ровенскай вобласці Украіны на вышыні 188 м над узроўнем мора, цячэ ў межах Палескай нізіны (па Жытомірскім Палессі ва Украіне і па Прыпяцкім Палессі ў Беларусі), вусце за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна.

Плошча вадазбору 5 300 км², з іх у Беларусі 4 300 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,6 м³/с. Агульнае падзенне ракі 68,3 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰. Гушчыня рачной сеткі 0,32 км/км². Лясістасць тэрыторыі вадазбору 34 % (лясы мяшанага тыпу з перавагай ліставых парод, часта забалочаныя).

Даліна ў вярхоўі трапецападобнай формы (шырынёй 0,5–1 км), ніжэй выражана слаба, зліваецца з прылеглай мясцовасцю.

Схілы спадзістыя, на асобных участках у ніжнім цячэнні стромкія, абрывістыя, пад лугам або мяшаным лесам.

Пойма двухбаковая, роўная, забалочаная, у вусцевай частцы сухая, пакрыта лесам або хмызняком, шырынёй у верхнім і сярэднім цячэнні 80–200 м, у ніжнім да 1,2 км. У разводдзе затапляецца вадой на глыбіню 0,5–1 м ад 5 да 10 сутак.

Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, далей моцназвілістае, разгалінаванае, трапляюцца нізкія пясчаныя астравы (выспы), якія затапляюцца ў разводдзе. Шырыня ракі ў ніжнім цячэнні 20–30 м.

Берагі стромкія, абрывістыя, месцамі забалочаныя, парослыя хмызняком і лесам.

На 1 студзеня 2023 г. за 40 км ад вусця на рацэ дзейнічае гідралагічны пост каля аграгарадка Кароцічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

У Беларусі Сцвіга цячэ па тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Альманскія балоты» ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці.

Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.