ІПА, рака ў Светлагорскім, Калінкавіцкім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці
pdf

ІПА

Дата стварэння: 07.08.2025 14:58:01

Дата змены: 08.01.2026 11:33:52


І́па

Рака ў Светлагорскім, Калінкавіцкім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 109 км.

Пачынаецца за 3 км на паўночны захад ад вёскі Сякерычы Светлагорскага раёна, працякае па нізінах Гомельскага Палесся і Прыпяцкага Палесся, вусце за 4 км на паўднёвы захад ад вёскі Рудня Гарбавіцкая Калінкавіцкага раёна.

Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўны прыток — рака Віша (правы).

Плошча вадазбору 1010 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с. Агульнае падзенне ракі 29,7 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰.

Даліна трапецападобная, шырынёй 1,5–2 км.

Пойма нізкая, шырынёй 1–1,5 км.

Схілы вышынёй 2,5 м, спадзістыя, дзе-нідзе ўмерана стромкія.

Берагі на натуральных участках стромкія.

Рэчышча (шырыня ў межань 10–12 м) было каналізавана ў 1971 і 1978 гг. на працягу 95 км (ад вытоку да чыгуначнага моста каля вёскі Клінск Калінкавіцкага раёна). У 2006 г. праведзена паўторнае паглыбленне рэчышча (ад моста каля гарадскога пасёлка Азарычы да аграгарадка Казловічы Калінкавіцкага раёна, за 1 км ніжэй ад упадзення Вішы, 14 км).

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 52 % гадавога сцёку. Разводдзе з сярэдзіны сакавіка (каля 50 дзён) да 1‑й дэкады мая. Максімальны ўзровень над самай нізкай межанню 2,7 м (1958). Замярзае ў канцы снежня, ускрыццё адбываецца ў 2‑й палове сакавіка.

Рэжым ракі вывучаўся з 1928 г. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. На беразе ракі зона адпачынку мясцовага значэння Асташкавічы. У Светлагорскім раёне на водападзеле рэк Іпа і Бярэзіна размешчаны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Чыркавіцкі».