ЦНА, рака ў Ляхавіцкім, Ганцавіцкім і Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці
pdf

ЦНА

Дата стварэння: 08.08.2025 14:20:56

Дата змены: 08.01.2026 11:27:01


Цна

Рака ў Ляхавіцкім, Ганцавіцкім і Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці. Даўжыня 126 км.

Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўны прыток — Карыцінскі канал (правы).

Пачынаецца за 0,5 км на ўсход ад вёскі Гайнінец Ляхавіцкага раёна, у забалочанай мясцовасці. Цячэ па Прыпяцкім Палессі. Вусце за 4 км на поўдзень ад аграгарадка Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна.

Плошча вадазбору 1 100 км². Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰. Агульнае падзенне ракі 53 м.

Даліна да аграгарадка Велута і ніжэй ад Кажан-Гарадка выражана слаба, на астатнім працягу мае трапецападобную форму і шырыню 1–2 км.

Пойма двухбаковая, у Лунінецкім раёне каля вёсак Купаўцы, Бараўцы, Вічын, аграгарадка Дварэц — аднабаковая (шырыня 0,5–1 км).

Рэчышча ад вытоку на працягу 54 км каналізаванае, у ніжнім цячэнні моцназвілістае, шырынёй каля 10 м.

Вясновае разводдзе з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны чэрвеня, максімальная вышыня ўзроўню над межанню 3,1 м. Найбольшы расход вады 87,6 м³/с (1970) ад вусця каля аграгарадка Дзятлавічы Лунінецкага раёна, найменшы ў зімовы перыяд — 0,51 м³/с (1969), найменшы ў перыяд без лёду — 0,28 м³/с (2015).

Замярзае ў канцы снежня, ледастаў да сярэдзіны красавіка. Вясновы крыгаход каля 11 сутак.

У створы Цна — аграгарадок Дзятлавічы (36 км ад вусця) на 1 студзеня 2023 г. дзейнічаў гідралагічны пост. Сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 4,48 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 22,2 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-восеньскай межані — 0,86 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 1,96 м³/с.

У нізоўі размешчаны ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць». На тэрыторыі Навасёлкаўскага лясніцтва Лунінецкага раёна, у даліне ракі Цна, у 2016 г. створаны водна-балотны заказнік мясцовага значэння Велута плошчай 2,2 тыс. га. Мэта заказніка — захаванне ў натуральным стане буйнога лесабалотнага комплексу ў даліне ракі Цна, які насяляюць жывёлы і расліны, уключаныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

На беразе ракі размешчаны горад Ганцавічы.