БЯРЭЗІНА, Заходняя Бярэзіна, рака ў Маладзечанскім і Валожынскім раёнах Мінскай вобласці, Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, правы прыток Нёмана
pdf

БЯРЭЗІНА

Дата стварэння: 08.08.2025 13:23:11

Дата змены: 08.01.2026 11:30:47


Бярэ́зіна

Іншая назва: Заходняя Бярэзіна.

Рака ў Маладзечанскім і Валожынскім раёнах Мінскай вобласці, Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Даўжыня 226 км.

Пачынаецца каля вёскі Бортнікі Маладзечанскага раёна.

Правы прыток ракі Нёман. Асноўныя прытокі: Краўлянка, Альшанка, Чарніца, Чапунька, Ластаянка, Цвецень (правыя), Іслач, Волка (левыя).

Рачная сетка ўключае 535 вадацёкаў (кожны з іх даўжынёй больш чым 1 км) агульнай працягласцю 1 870 км. Усяго ў басейне ракі каля 20 каналаў даўжынёй больш чым 5 км (агульная працягласць больш чым 150 км). Басейн Бярэзіны размешчаны на мяжы Вілейскага і Нёманскага гідралагічных раёнаў. Гушчыня рачной сеткі 0,47 км/км².

Плошча вадазбору 4 тыс. км². Вадазбор у верхнім і сярэднім цячэнні знаходзіцца ў межах Ашмянскага і Мінскага ўзвышшаў, у ніжнім — на Нёманскай нізіне. Максімальная даўжыня вадазбору — 85 км, сярэдняя шырыня — 47 км. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 30 м³/с. Агульнае падзенне ракі 172,3 м. Лясістасць тэрыторыі складае каля 29 % (Налібоцкая пушча ў ніжняй частцы вадазбору). Характэрны працэсы забалочвання. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,76 ‰.

Даліна добра выражана, шырыня ў верхняй частцы 0,5–3 км, ніжэй па цячэнні — 3–4 км.

Пойма нізкая, асушаная, месцамі ўзгорыстая, шырыня ў вярхоўі 0,2–0,5 км, на астатніх участках 0,3–3 км.

Рэчышча моцназвілістае, шырыня ў верхнім цячэнні 5–18 м, у сярэднім і ніжнім 18–31 м, каля вусця да 50 м. Агульны каэфіцыент звілістасці 2,88.

Рака каналізавана ў 1975–1976 гг. на двух участках (0,9 км і 16,4 км); зарэгулявана плацінай Сакаўшчынскага вадасховішча.

Берагі пераважна стромкія.

Для Бярэзіны характэрны мяшаны тып жыўлення з перавагай снегавога.

Асаблівасцю воднага рэжыму з’яўляецца высокае вясновае разводдзе, нізкая летняя і зімовая межань, крыху павышаны сцёк восенню. Падняцце ўзроўню вады пачынаецца звычайна ў сярэдзіне — канцы сакавіка і доўжыцца 20–30 дзён з інтэнсіўнасцю 10–15 см за суткі.

Самае ранняе разводдзе адзначалася на пачатку лютага, самае позняе — у сярэдзіне красавіка. У верхнім цячэнні разводдзе заканчваецца ў канцы мая, а ў сярэднім і ніжнім — на пачатку чэрвеня. Вясновае разводдзе змяняецца летне-восеньскай межанню, якая працягваецца да восеньскіх паводак (20‒40 дзён). Наступленне межані ў верхнім цячэнні прымеркавана да канца мая, у сярэднім і ніжнім — да пачатку чэрвеня. Межань працягваецца на працягу пяці месяцаў і заканчваецца да канца лістапада. Нізкі ўзровень зімняй межані адзначаецца на працягу ўсёй зімы (лістапад — снежань). Зімовая межань доўжыцца да 3,5 месяцаў (з канца лістапада — пачатку снежня па сакавік).

Узровень вады ў разводдзе і межань змяняецца на 1,4–3,4 м, максімальна 4,6 м.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 42 %, летне-восеньскую межань 38 %, зімовы перыяд 20 % аб’ёму гадавога сцёку.

Ледастаў устанаўліваецца ў 1‑й палове снежня і ў сярэднім трымаецца 100–115 дзён. Пры замацаванні ледаставу і ўскрыцці ракі часам назіраюцца заторы і зажоры лёду, бо рэчышча ракі перапоўнена вялікай колькасцю ўнутрыводнага лёду, шарашу і нагрувашчаннем крыг.

Вясновы крыгаход пачынаецца ў канцы сакавіка і доўжыцца 2–3 дні.

Мясцовае суднаходства ажыццяўляецца ад вёскі Бакшты (за 45 км ад вусця) у перыяд высокай вады.

Сярод маляўнічых краявідаў (12 км на поўнач ад горада Маладзечна) знаходзіцца зона адпачынку Барок, каля вёскі Гердуцішкі Маладзечанскага раёна дом адпачынку «Алеся». Каля вёскі Калдыкі Валожынскага раёна размешчана вучэбная геаграфічная станцыя БДУ «Заходняя Бярэзіна». Па тэрыторыі басейна Бярэзіны пралягаюць турыстычныя маршруты.

У басейне ракі Бярэзіна праводзіцца сістэматычны кантроль за ўзроўнем забруджвання атмасферы шкоднымі прымешкамі (на метэаралагічнай станцыі ў горадзе Валожын). Ажыццяўляюцца мерапрыемствы, накіраваныя на змяншэнне аб’ёму сцёкавых водаў: скарачэнне і ўпарадкаванне прамысловага водаспажывання, удасканаленне метадаў і тэхналагічных схем ачысткі і паўторнага выкарыстання прамысловых сцёкавых водаў. Зямля аддаецца пад будаўніцтва прадпрыемстваў, здабычу карысных выкапняў і для іншых народнагаспадарчых мэт. У пойме ракі вядзецца здабыча торфу (Бярэзінскае торфапрадпрыемства).

У нізоўях ракі створаны ландшафтны заказнік «Налібоцкі».