АЛЬШАНКА, Вішнёўка, Гальшанка, Жыгянка, Луска; рака ў Ашмянскім і Іўеўскім раёнах Гродзенскай вобласці і Валожынскім раёне Мінскай вобласці, правы прыток Бярэзіны (басейн Нёмана)
pdf

АЛЬШАНКА

Дата стварэння: 07.08.2025 15:08:42

Дата змены: 20.03.2026 15:35:41


Альша́нка

Іншыя назвы: Вішнёўка, Гальшанка, Жыгянка, Луска.

Рака ў Ашмянскім і Іўеўскім раёнах Гродзенскай вобласці і Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Даўжыня 60 км.

Правы прыток ракі Бярэзіна (Заходняя Бярэзіна).

Пачынаецца на захад ад вёскі Людвікаўшчына Ашмянскага раёна, вусце за 1 км на ўсход ад хутара Будзішча Іўеўскага раёна.

Плошча вадазбору 311 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,3 м³/с. У створы ракі Альшанка — вёска Багданава сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 1,5 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 19,9 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 0,62 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 0,74 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1,5 ‰.

Цячэ па паўднёва-заходніх схілах Ашмянскага ўзвышша.

Даліна выразная, шырыня 0,6–1 км.

Пойма двухбаковая, найбольш развіта ў верхнім і ніжнім цячэнні, шырыня 100–200 м.

Рэчышча каналізавана на працягу 32,3 км: у Ашмянскім раёне ад вытоку да вёскі Чуркі (17,7 км); у Валожынскім раёне ад вёскі Данілкі да вёскі Альшанка (5,1 км) і ад вёскі Круглая да вусця (9,5 км); на астатнім працягу ўмерана звілістае, шырыня ў межань 4–8 м.

Берагі нізкія.

Гідралагічныя назіранні вядуцца на пасту Багданава.