Са́каўшчынскае
Вадасховішча ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці.
Размешчана на рацэ Бярэзіна (басейн ракі Нёман), за 0,5 км на ўсход ад аграгарадка Сакаўшчына.
Пабудавана ў 1937 г. у энергетычных мэтах, у 1955 г. рэканструявана.
Плошча 1,1 км², даўжыня 3 км, сярэдняя шырыня 430 м, максімальная шырыня 730 м, сярэдняя глыбіня 72 см, максімальная глыбіня 3,1 м. Аб’ём вады 0,93 млн м³. Мінералізацыя сярэдняя 315–350 мг/л. Даўжыня берагавой лініі 5,88 км.
Вадазбор (плошча 1 100 км²) плоскахвалісты; разаранасць 40 %, залесенасць 15 %, забалочанасць 10 %. Сярэдні гадавы сцёк 239,6 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 2,46 м.
Катлавіна выцягнутая з поўначы на поўдзень, займае нізкую частку поймы ракі Бярэзіна.
Берагі нізкія, спадзістыя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя.
Вадасховішча па марфалагічнай будове ложа — рэчышчавае.
Рэгуляванне сцёку — сезоннае.
Моцнапратокавае.
Па характары размеркавання глыбінь на вадасховішчы вылучаюцца 2 участкі: верхні азёрна-рачны — мелкаводны (вышэй ад вёскі Замасцяны) і ніжні — прыплацінны возерападобны, з глыбінямі больш за 1 м.
Верхні ўчастак глыбакаводны толькі ў межах рэчышчавай лагчыны і затопленых старыц (глыбіня 1,5–2 м), глыбіні па ложы ў асноўным менш за 1 м.
У вярхоўях вадасховішча (вёскі Кражына — Калдыкі), у межах нізкай поймы, вылучаецца зона падтаплення, якая прадстаўлена абалоннем, што затапляецца падчас працяглых дажджоў.
Высокая ступень зарастання ложа (95 %), нізкая праточнасць яго поймавай часткі (па-за рэчышчавай лагчынай і ў старычных катлавінах) спрыяюць асяданню наносаў, асвятленню вады [на што паказвае высокая празрыстасць вады (да 3 м)], ператварэнню ў балотны масіў з развітым рэчышчам ракі.
У створы вадасховішча ў пачатку ХХI ст. была пабудавана міні-ГЭС магутнасцю 75 кВт з трыма энергаблокамі. У цяперашні час ГЭС працуе ў складзе агульнай энергасістэмы Беларусі. З прычыны адсутнасці рэгулявальнага збудавання гідралагічны рэжым вадасховішча знаходзіцца ў цеснай сувязі з рэжымам ракі Бярэзіна.
Збудаванні гідравузла: будынак ГЭС з прыладай падводу, плаціна (даўжыня 2,2 км, максімальная вышыня 3,6 м), 2 вадаскіды. У 1959 г. гідравузел реканструяваны.
Водная расліннасць: трыснёг, аер, маннік, чарот, мячэўнік, урэчнік, жоўтая вадзяная лілея. У відавым складзе воднай расліннасці ўсё большае месца займаюць водна-балотныя расліны.
Водзяцца шчупак, карась, карп, жэрах, судак, лінь.
Гняздуюцца лебедзі.
На вадасховішчы размешчаны домік паляўнічага і рыбалова, добраўпарадкаваны пляж. Створаны зоны рэкрэацыі. На поўнач ад вадасховішча знаходзіцца вучэбная геаграфічная станцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Заходняя Бярэзіна».
Вадасховішча выкарыстоўваецца для спартыўнай лоўлі рыбы.