ІСЛАЧ, рака ў Дзяржынскім, Мінскім, Валожынскім раёнах Мінскай вобласці і Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці
pdf

ІСЛАЧ

Дата стварэння: 07.08.2025 14:59:05

Дата змены: 26.01.2026 09:55:21


І́слач

Рака ў Дзяржынскім, Мінскім, Валожынскім раёнах Мінскай вобласці і Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Даўжыня 102 км.

Левы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Нёман). Асноўныя прытокі: Выганічанка, Цяцераўка, Волма (левыя), Яршоўка, Пяршайка, Валожынка (правыя).

Плошча вадазбору 1330 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1,9 ‰.

Пачынаецца каля вёскі Глушынцы Дзяржынскага раёна, цячэ па тэрыторыі Мінскага ўзвышша, у ніжнім цячэнні — па тэрыторыі ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Налібоцкі», упадае ў Бярэзіну на паўднёвы ўсход ад вёскі Бакшты Іўеўскага раёна.

Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная; у сярэднім цячэнні шырынёй 300–500 м. Схілы ў вярхоўі вышынёй 8–15 м, ніжэй паступова паніжаюцца, зліваючыся з прылеглай мясцовасцю.

Пойма ў вярхоўі роўная, шырынёй 30–50 м, у нізоўі плаўна пашыраецца да 2 км, месцамі забалочаная.

Берагі вышынёй 2–4 м, стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні 0,5–1 м.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 31 %, летне-восеньскую межань — каля 40 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень над самай нізкай межанню каля вёскі Баравікоўшчына Валожынскага раёна да 3,5 м (1956).

Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом у пачатку сакавіка. Веснавы крыгаход 13 сутак.

Водзяцца шчупак, мянтуз, быстранка, верхаводка, ялец, пячкур, акунь, плотка, а таксама стронга ручаёвая (уключана ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь).

Рэчышча звілістае, шырынёй 10–40 м, зарэгулявана трыма плацінамі, на ўсім працягу трапляюцца невялікія выспы.

Рэжым ракі вывучаецца з 1949 г., назіранні вядуцца на гідралагічным пасту вёскі Баравікоўшчына.

Уздоўж ракі (ад аграгарадка Ракаў да гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна) зона адпачынку рэспубліканскага значэння Івянец, мясцовага — Іслач; дзіцячы санаторый «Налібоцкая пушча», дом адпачынку «Іслач» у Валожынскім раёне. У сярэднім цячэнні цячэ па тэрыторыі біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння «Падсады».