Дата стварэння: 31.10.2024 14:31:55
Дата змены: 08.01.2026 11:41:59
Ве́дрыч
Іншыя назвы: Ведрач.
Рака ў Калінкавіцкім і Рэчыцкім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня ракі 68 км.
Правы прыток ракі Дняпро. Асноўныя прытокі: канава Рэбуска (справа), рэкі Днепрык і Дзяражня (злева).
Пачынаецца за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі Падлукі Калінкавіцкага раёна, упадае ў Дняпро каля вёскі Азершчына Рэчыцкага раёна. Працякае ў межах Гомельскага Палесся.
Плошча вадазбору 1 330 км². Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰. Рэльеф вадазбору нізінны, пад мяшаным лесам 50 % тэрыторыі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,6 м³/с.
Даліна невыразная, месцамі трапецаідальная, шырыня 0,6–0,8 км.
Схілы спадзістыя, прарэзаныя далінамі прытокаў, лагчынамі і меліярацыйнымі канавамі.
Пойма шырынёй 0,3–0,5 км, сухая, лугавая. Шырыня ракі ў межань 6–8 м.
Рэчышча каналізаванае ў 1962 г. і 1972–1976 гг. ад вытоку да вёскі Коззе на працягу 49 км; у 1989 г. праведзена рэканструкцыя на ўчастку даўжынёй 9,4 км паміж вёскамі Галоўкі і Красная Дуброва Рэчыцкага раёна.
На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 47 %, на летне-асеннюю межань — 30 %, зімовую — 23 % аб’ёму гадавога сцёку. У разводдзе максімальнае перавышэнне ўзроўню над межанным 2,5–2,7 м.
Ведрыч праразае тоўшчу неаген-палеагенных парод, часткова ўскрываюцца падземныя воды верхнемелавых і верхняюрскіх карбанатызаваных адкладаў. У сувязі з гэтым вада ракі Ведрыч, вадазбор якой забалочаны і залесены ў сярэднім на 47 %, мае высокае ўтрыманне кальцыю (58,8 мг/дм³), магнію (10,9 мг/дм³) і гідракарбанатаў (209,8 мг/дм³) з мінералізацыяй, якая дасягае 317,2 мг/дм³. Характэрна павышанае ўтрыманне сульфатаў, звязанае з працэсам мінералізацыі арганічных рэчываў у глебе і вымываннем з яе сернакіслых солей з наступным іх вынасам у рачную сетку. Абсалютная колькасць сульфатаў складае 5,1–15,5 мг/дм³, павялічваючыся месцамі да 38,5 мг/дм³.
У пойме меліярацыйныя каналы. У вусці ракі размешчана зона адпачынку мясцовага значэння Салтанова.