Дата стварэння: 14.10.2024 10:11:54
Дата змены: 08.01.2026 11:29:30
Віць
Іншая назва: Прабойная канава.
Рака ў Калінкавіцкім і Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 70 км.
Пачынаецца каля вёскі Нахаў Калінкавіцкага раёна, цячэ па Гомельскім Палессі.
Левы прыток ракі Прыпяць (упадае ў раку каля вёскі Тульгавічы Хойніцкага раёна). Прытокі ракі — невялікія ручаі і меліярацыйныя каналы.
Вадазбор плошчай 991 км², рэльеф раўнінны. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с. Сярэдняя вышыня вадазбору 131 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰. Гушчыня рачной сеткі каля 0,42 км/км². Азёрнасць вадазбору нязначная (менш як 1 %), забалочанасць 15 %, лясістасць 59 % (мяшаныя лясы), разаранасць 25 %.
Даліна невыразная, у нізоўі зліваецца з поймай Прыпяці, шырыня 200–300 м. Да вёскі Барысаўшчына Хойніцкага раёна пойма двухбаковая.
Рэчышча ў 1960, 1974, 1976 гг. каналізавана на ўсім працягу. У 2006 г. праведзена паўторнае паглыбленне рэчышча на працягу 6,4 км (на ўчастку 1,2 км на паўночны ўсход ад вёскі Віць — 3 км на паўднёвы захад ад вёскі Барысаўшчына).
На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 61 % аб’ёму гадавога сцёку, на летне-асеннюю межань — 23 %, на зімовую — 16 %. Максімальны ўзровень разводдзя ў 1‑й дэкадзе красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,4 м.
Замярзае ў 1‑й дэкадзе снежня, ускрыццё ў 3‑й дэкадзе сакавіка. Крыгаход працягваецца 5 сутак.
Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. У ніжнім цячэнні працякае па тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. У суббасейне ракі Віць знаходзяцца вадасховішчы Велікаборскае і Судкова.