Дата стварэння: 08.08.2025 14:19:31
Дата змены: 08.01.2026 11:27:10
Вуць
Рака ў Добрушскім і Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 75 км.
Левы прыток ракі Сож. Асноўныя прытокі: ручай Радзвін (левы) і рака без назвы каля аграгарадка Івакі Добрушскага раёна (правы). Цячэ па Гомельскім Палессі.
Пачынаецца меліярацыйнай канавай за 1,4 км на захад ад вёскі Лук’янаўка Добрушскага раёна, вусце каля аграгарадка Цярэшкавічы Гомельскага раёна.
Плошча вадазбору 453 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,5 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,6 ‰.
Даліна трапецападобная, шырынёй 300–600 м, каля вытоку 150 м.
Пойма двухбаковая, месцамі перарывістая, шырынёй 200–300 м; у разводдзе затапляецца на глыбіню 0,4–0,8 м да двух тыдняў.
Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 4,5 км, у сярэднім цячэнні на 17,2 км [ад вёскі Запрудоўка Добрушскага раёна да моста па аўтадарозе Гомель — Чарнігаў (Украіна)]. У 1984 г. адрэгулявана на ўчастку ад вусця ракі Лук’янаўка ўніз па цячэнні на працягу 3,2 км. Шырыня ракі ў межань 10–18 м.
Берагі нізкія, забалочаныя, ніжэй пераважна стромкія і абрывістыя.
Замярзае ў канцы снежня, крыгаход у пачатку 2‑й дэкады сакавіка. Максімальны ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня пад межанным узроўнем 2,4 м.
На рацэ гарадскі пасёлак Церахоўка.