Дата стварэння: 07.08.2025 14:46:08
Дата змены: 26.01.2026 09:52:43
Беседзь
Рака ў Хоцімскім і Касцюковіцкім раёнах Магілёўскай вобласці і Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, у Смаленскай і Бранскай абласцях Расіі. Даўжыня 261 км (у межах Беларусі 185 км).
Левы прыток ракі Сож (басейн ракі Дняпро). Асноўныя прытокі: Еленка, Сураў, Жадунька, Дзяражня, Алешня, Палуж, Каўпіта (справа), Альшоўка, Жадунь, Зубар, Стаўбунка (злева).
Плошча вадазбору 5460 км² (у Беларусі 3110 км²). Агульнае падзенне ракі 59,6 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,23 ‰. Агульная даўжыня рачной сістэмы 2 тыс. км, гушчыня рачной сеткі 0,36 км/км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 28,4 м³/с.
Цячэ па паўднёва-ўсходняй частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны, у нізоўях — па Прыдняпроўскай нізіне.
Рэльеф вадазбору пераважна раўнінны, часткова дробнаўзгорысты, трапляюцца асобныя марэнныя ўзгоркі вышынёй да 15 м. Распаўсюджаны плоскія, часам забалочаныя нізіны. Пад лесам 20 % тэрыторыі. Даліна слабазвілістая, трапецападобная, шырынёй да ўпадзення ракі Жадунь 0,2–0,3 км, далей 0,6–1 км, ніжэй ад вусця ракі Свінка 1–1,5 км.
Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, на асобных участках стромкія і абрывістыя, вышынёй ад 5 да 20 м, разараныя, парэзаныя неглыбокімі лагчынамі, ярамі і далінамі прытокаў.
Пойма пераважна двухбаковая, лугавая, парэзаная прытокамі, рукавамі, старыцамі; шырынёй у вярхоўі 0,1–0,8 км, у ніжнім цячэнні 0,5–1,5 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,5–2,5 м да 20–30 сутак.
Рэчышча моцназвілістае і разгалінаванае, шмат старыц, рукавоў, заліваў (заток), шырынёй у вярхоўі 15–20 м, у ніжнім цячэнні 30–40 м, на асобных участках да 100 м.
Берагі стромкія, месцамі абрывістыя, вышынёй да 2 м, пясчаныя і суглінкавыя, пры ўпадзенні прытокаў забалочаныя.
На рацэ адбываецца інтэнсіўнае разводдзе. На вясновы перыяд прыпадае 70 %, на летне-асенні — 20 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняе перавышэнне ўзроўню вады над межанным 2,8 м, максімальнае — 3,5–5,5 м.
Летне-асенняя межань працягваецца 6 месяцаў, парушаецца 1–4 дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (3–4 месяцы) адносна ўстойлівая, толькі ў асобныя гады бываюць паводкі.
Замярзае ў 1‑й дэкадзе снежня, максімальная таўшчыня лёду 49–77 см (люты). Крыгалом (ускрыццё ракі) у канцы сакавіка, крыгаход працягваецца да 7 сутак.
Рака суднаходная на працягу 78 км ад вусця, выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. На рацэ гарадскі пасёлак Хоцімск (каля яго плаціна і вадасховішча плошчай 0,6 км²), зоны адпачынку мясцовага значэння.