УЗА, рака ў Буда-Кашалёўскім і Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці
pdf

УЗА

Дата стварэння: 22.05.2025 09:11:32

Дата змены: 08.01.2026 11:39:33


Уза́

Рака ў Буда-Кашалёўскім і Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 76 км.

Правы прыток ракі Сож.

Выток ракі знаходзіцца паблізу населенага пункта Беразоўка Буда- Кашалёўскага раёна, вусце ў раёне аграгарадка Бабовічы Гомельскага раёна на поўдзень ад горада Гомель. Уза цячэ ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход па Дняпроўскай раўніне, якая ўваходзіць у еўрапейскі экалагічны рэгіён № 16 — «Усходнія раўніны».

Гідраграфічная сетка суббасейна ракі Уза прадстаўлена наступнымі вадацёкамі: рака Журбіца, рака Хочамля, рака Белічанка, рака Іволька, рака Рандоўка, Мільчанскі канал.

Плошча вадазбору 944 км². Гушчыня рачной сеткі 0,28 км/км². Агульная забалочанасць 22 %. Разаранасць 35 %. У створы Уза — вёска Прыбар Гомельскага раёна (17 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 2,5 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 34,6 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 0,4 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 0,5 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰. Плошча меліяраваных зямель у басейне ракі Уза (па пасту вёскі Прыбар) складае 209 км² (даўжыня адкрытай меліярацыйнай сеткі — 629 км, даўжыня закрытай меліярацыйнай сеткі — 6 582 км).

Даліна трапецападобная, шырыня 0,6–0,8 км, найбольшая — 1,5 км.

Пойма ў вярхоўі і ніжнім цячэнні адсутнічае, у сярэдняй частцы двухбаковая (шырыня 0,2‒0,4 км, максімальная 0,7 км), у разводдзе затапляецца на глыбіні 0,3‒0,8 м тэрмінам да двух тыдняў.

Рэчышча каналізавана, шырыня ў верхнім цячэнні 5–8 м, у сярэднім і ніжнім — 10–15 м.

Берагі стромкія, вышыня 0,8‒3,5 м, месцамі большая.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 59 %, летне-асеннюю межань — 21, зімовую — 20 % аб’ёму гадавога сцёку. Вясновы крыгаход — у пачатку 3‑й дэкады сакавіка, сярэдняя працягласць 11 сутак. Паўторнае рэгуляванне рэчышча праводзілася ў 2002‒2003 гг., 2005‒2006 гг.

Замярзае ў сярэдзіне снежня, ледастаў 90 сутак.

Гідралагічны пост па назіраннях за гідралагічнымі паказчыкамі ў рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь (НСМНА) размешчаны ў суббасейне ракі Уза ў ніжняй яго частцы Уза — вёска Прыбар. Два пункты маніторынгу паверхневых вод па якасных паказчыках таксама знаходзяцца на тэрыторыі суббасейна ракі: 1) Уза — аграгарадок Бабовічы; 2) вышэй і ніжэй ад упадзення канала Мільчанскі.