Не́шчарда
Іншая назва: Няшчэрда.
Возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Нешчарда (выцякае з возера), за 15 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Расоны, паміж аграгарадком Гарбачэва, вёскамі Мурагі, Байдзіна 1, Гальні́ца.
Плошча 24,62 км², даўжыня 12,05 км, максімальная шырыня 4,75 км, максімальная глыбіня 8,1 м. Абʼём вады 84,72 млн м³. Празрыстасць 0,7 м. Даўжыня берагавой лініі 50,18 км (самая доўгая ў краіне). Плошча вадазбору 143 км².
Катлавіна падпруднага тыпу, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Падзяляецца на 2 плёсы, злучаныя вузкім пралівам глыбінёй да 4 м. У паўночным плёсе максімальная глыбіня, у паўднёвым пераважаюць глыбіні 2–5 м.
Схілы вышынёй 5–10 м, пераважна разараныя, тэрасаваныя, на захадзе параслі лесам, на поўдні і поўначы марэнныя ўзгоркі вышынёй 10–15 м.
Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, у залівах багністыя (утвараецца сплавіна).
На возеры 3 востравы агульнай плошчай 0,23 км.
Прыбярэжная частка дна шырынёй да 200 м выслана пясчанымі адкладамі, пашыранымі ў асобных месцах да глыбіні 4–5 м, цэнтральная — сапрапелем. Зарастае ў прыбярэжнай частцы, шырыня паласы расліннасці ад 10 да 250 м.
Водзяцца шчупак, вугор рачны, лешч, верхаводка, гусцяра, карась сярэбраны і залаты, язь, плотка, мянтуз, лінь, краснапёрка, джгір звычайны, акунь, судак.
Упадаюць 7 ручаёў, на паўночным усходзе — рака Атлайская, на ўсходзе злучана пратокай з возерам Доўгае Расонскага раёна.