ЗАСУХА, прыродная з’ява, абумоўленая цыркуляцыйнымі працэсамі ў атмасферы, з доўгай адсутнасцю ападкаў (або значным іх скарачэннем у параўнанні з сярэднімі шматгадовымі нормамі), пры павышаных тэмпературах паветра
pdf

ЗАСУХА

Дата стварэння: 09.10.2024 09:58:22

Дата змены: 21.10.2024 09:21:50


За́суха

Іншая назва: засушлівы перыяд.

Прыродная з’ява, абумоўленая цыркуляцыйнымі працэсамі ў атмасферы, з доўгай адсутнасцю ападкаў (або значным іх скарачэннем у параўнанні з сярэднімі шматгадовымі нормамі), пры павышаных тэмпературах паветра.

У выніку засухі вычэрпваюцца запасы вільгаці ў глебе і ствараюцца неспрыяльныя ўмовы для нармальнага развіцця раслін.

Адрозніваюць 3 тыпы засухі:

  • атмасферная (характарызуецца недастатковым выпадзеннем ападкаў, высокай тэмпературай і паніжанай вільготнасцю паветра);

  • глебавая (высушванне глебы, якое выклікае недастатковую забяспечанасць раслін вадой; як правіла, з’яўляецца вынікам атмасфернай);

  • агульная (атмасферна-глебавая).

Атмасферны рэжым падчас засухі абумоўлены перавагай устойлівых антыцыклонаў, у якіх паветра пры ясным надвор’і моцна праграваецца і аддаляецца ад стану насычэння. У Беларусі ў апошнія гады колькасць антыцыкланальных дзён у цёплы перыяд павялічваецца.

Па тэрытарыяльнай прыкмеце засухі падзяляюць на лакальныя (менш за 10 % плошчы), шырокія (11–20 %), вельмі шырокія (21–30 %), надзвычайныя (31–50 %), катастрафічныя (больш за 50 % плошчы).

Па інтэнсіўнасці адрозніваюць вельмі моцныя, моцныя, сярэднія і слабыя засухі.

Па сезонах года засухі бываюць веснавыя, летнія, восеньскія, зімовыя або засухі, якія ахопліваюць два суседнія сезоны.

Зімовая засуха назіраецца пры адсутнасці снегавога покрыва, недахопе вільгаці ў замёрзлай глебе і павышэнні тэмпературы паветра да 0 °С, калі адбываецца транспірацыя азімых культур, якая ўзмацняецца пры сонечным надвор’і і ветры. У Беларусі зімовых засух, як правіла, няма.

Раннія веснавыя глебавыя засухі наносяць вялікую шкоду сельскай гаспадарцы. Ім папярэднічаюць недахоп дажджоў, сухая восень, маласнежная зіма, моцнае прамярзанне глебы. У Беларусі самыя раннія веснавыя засухі ў лёгкіх глебах на асобных участках у паўднёвых раёнах могуць быць ў 1‑й палове красавіка.

Засушлівыя месяцы часцей за ўсё бываюць ў вяснова-летнія перыяды пры месячнай суме ападкаў 30 мм і менш. У Беларусі засухі з плошчай ахопу не менш за 30 % тэрыторыі назіраюцца ў паўднёвых абласцях раз на 2 гады.

У Беларусі для ацэнкі ўвільгатнення і засушлівых з’яў выкарыстоўваюцца розныя колькасныя паказчыкі (крытэрыі) увільгатнення, якія ўлічваюць такія параметры, як колькасць ападкаў, вільготнасць паветра, глебы, выпарэнне, тэмпература паветра і інш.

Паўтаральнасць атмасферных засух па тэрыторыі Беларусі змяняецца нераўнамерна ў залежнасці ад колькасці ападкаў і тэмпературнага рэжыму. Самы засушлівы месяц у перыяд пацяплення клімату — жнівень. Значнае павелічэнне паўтаральнасці атмасфернай засухі ў гэты месяц заўважана на большай частцы тэрыторыі, асабліва на паўднёвым усходзе, усходзе і паўднёвым захадзе, захадзе і змяняецца ад 40 % у Брэсцкай вобласці да 25 % у Віцебскай. Найменшая паўтаральнасць атмасферных засух у маі — ад 15–17 % у паўднёвых і цэнтральных абласцях да 10 % у заходняй частцы. У перыяд пацяплення павялічылася колькасць сухіх дзён (з адноснай вільготнасцю менш за 30 %). Гэтыя тэндэнцыі ўказваюць на зніжэнне ў цёплы перыяд года ўтрымання вільгаці ў паветры і нарастанне засушлівых умоў.

Характарызуюць засухі і бездажджавыя перыяды (перыяды, калі на працягу не менш чым 10 дзён запар ападкаў не было зусім або іх колькасць была меншая за 1 мм). Сярэдняя бесперапынная працягласць бездажджавых перыядаў для тэрыторыі Беларусі складае 16–17 дзён. За цёплы перыяд у сярэднім бываюць 4–5 бездажджавых перыядаў. Сярэдняя максімальная працягласць бездажджавых перыядаў змяняецца ад 43 дзён у Магілёўскай вобласці да 57 дзён у Гомельскай. У асобныя гады максімальная працягласць бездажджавых перыядаў у асобных пунктах можа дасягаць 62–69 дзён.

Паўтаральнасць глебавых засух найбольш праяўляецца ў паўднёвых і паўднёва-ўсходніх раёнах краіны на пясчаных і супясчаных глебах, якія падсцілаюцца пяскамі. Назіраецца тэндэнцыя павелічэння паўтаральнасці глебавых засух па ўсіх абласцях у красавіку — маі і памяншэнне іх паўтаральнасці ў ліпені — верасні. Глебавыя засухі асабліва небяспечныя ў маі — чэрвені, у перыяд інтэнсіўнага росту расліннасці, фарміравання кветкавых органаў і зачаткаў каласоў і каласавання азімых.

За перыяд пацяплення клімату (1989–2020) у Брэсцкай і Гомельскай абласцях глебавыя засухі працягласцю месяц і больш назіраюцца 7–9 гадоў з 10, у Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях — 5–6 гадоў з 10, у Віцебскай — 3 гады з 10. У Гомельскай вобласці прыкладна 1 раз на 2 гады, у Брэсцкай — 1 раз на 2–3 гады засухі ахопліваюць не менш за 30 % тэрыторыі.

У апошнія гады па прычыне змянення клімату і антрапагеннага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе верагоднасць узнікнення засух і іх працягласць павялічылася: найбольш інтэнсіўныя і шырокія атмасферныя засухі адзначаны ў 1992 г. (60 дзён), 1999 г. (каля 90 дзён), 2002 г. (150 дзён), 2010 г. (40 дзён), 2015 г., 2018 г. (60 дзён).

Засухі прыводзяць да зніжэння ўраджаю сельскагаспадарчых культур, а ў экстрэмальных умовах — да яго гібелі.

Для прадухілення неспрыяльнага ўздзеяння і памяншэння наступстваў засухі выкарыстоўваюцца розныя метады:

  • селекцыйна-генетычны метад — звязаны з вывядзеннем новых засухаўстойлівых сартоў раслін.

  • агратэхнічны метад — уключае розныя прыёмы назапашвання вільгаці ў глебе, выбар аптымальных тэрмінаў сяўбы, размяшчэнне пасеваў з улікам мікракліматычных асаблівасцей мясцовасці, павелічэнне плошчы пасеваў засухаўстойлівых культур, выкарыстанне шматгадовых засухаўстойлівых сеяных траў і інш.

  • меліярацыйны метад — найбольш эфектыўны для барацьбы з засухамі; накіраваны на карэннае паляпшэнне зямель з разлікам на працяглы перыяд, укараненне вільгацезберагальных тэхналогій і пашырэнне плошчаў арашальнага земляробства.