Дата стварэння: 14.10.2024 10:26:38
Дата змены: 15.07.2025 10:57:11
Выпарэ́нне
Працэс паступлення вадзяной пары ў атмасферу з паверхні вады, снегу, лёду, глебы, кропель і крышталёў, а таксама з прычыны транспірацыі; асноўны кампанент кругазвароту вады.
Выпарэнне, у адрозненне ад транспірацыі, называецца фізічным выпарэннем, а выпарэнне і транспірацыя разам — сумарным выпарэннем.
На інтэнсіўнасць выпарэння ўплывае тэмпература паветра, пругкасць вадзяной пары, турбулентнасць атмасферы, хуткасць ветру блізка каля паверхні.
Хуткасць выпарэння прама прапарцыянальная хуткасці ветру, а таксама розніцы паміж ціскам насычанай пары і парцыяльным ціскам вадзяной пары, які прысутнічае ў паветры, і адваротна прапарцыянальная атмасфернаму ціску.
Чым меншы дэфіцыт насычэння, тым меншая хуткасць выпарэння, і наадварот. Пры дэфіцыце вадзяной пары, які роўны нулю, узнікае стан насычэння (рухомай раўнавагі), і выпарэнне спыняецца. Пры ахалоджванні паверхні адбываецца кандэнсацыя вадзяной пары. Вецер зносіць вадзяную пару з паверхні выпарэння, што павялічвае дэфіцыт насычэння, і працэс становіцца больш інтэнсіўным.
Сумарнае выпарэнне — адна з найважнейшых гідраметэаралагічных велічынь, якія выкарыстоўваюцца ў метэаралогіі і ў гідралогіі. Гэты працэс звязаны з двума фундаментальнымі ўраўненнямі — воднага і цеплавога балансу. Даныя аб выпарэнні выкарыстоўваюцца для ацэнкі водных рэсурсаў і мадэлявання клімату.
Колькасць выпарэння вымяраецца ў кілаграмах на квадратны метр у секунду (кг/м² ∙ с) або ў міліметрах таўшчыні вадзянога слоя, які выпараецца ў адзінку часу (мм/гадз, мм/год).
Выпарэнне з акіянаў перавышае выпарэнне з сушы. Над акіянам у сярэдніх і нізкіх шыротах выпарэнне змяняецца ад 600 да 2500 мм/год, у палярных шыротах яно нязначнае. На сушы ў палярных і пустынных абласцях выпарэнне складае 100–200 мм/год, у вільготных трапічных і субтрапічных — 800–1000 мм/год. Сярэдняя гадавая велічыня выпарэння для зямнога шара складае 1130 мм/год.
У выніку выпарэння глеба губляе вільгаць, і калі доўга няма дажджоў, надыходзіць засушлівы перыяд, неспрыяльны для развіцця расліннасці.
Выпарэнне з паверхні глебы залежыць ад яе вільготнасці, колеру, структуры, шчыльнасці, гаспадарчага выкарыстання.
На выпарэнне з воднай паверхні ўплываюць таксама колер, празрыстасць, глыбіня вадаёма (на водмелі выпарэнне заўсёды большае), а таксама развіццё воднай расліннасці і планктону. З воднай паверхні балот выпарэнне больш інтэнсіўнае, чым з паверхні азёр і вадасховішчаў.
Ва ўмовах Беларусі каля 80 % аб’ёму атмасферных ападкаў вяртаюцца ў атмасферу ў выглядзе пары. У сярэднім гадавое выпарэнне з глебы вагаецца ад 550–575 мм/год на поўдні да 475 мм/год на поўначы. Максімальнае выпарэнне — летам, мінімальнае — зімой.
Сярэдняе шматгадовае выпарэнне з воднай паверхні за перыяд без зледзянення (красавік — лістапад) вагаецца ад 700 мм/год на поўдні і паўднёвым усходзе да 520 мм/год на поўначы краіны.
У Беларусі вымярэнне выпарэння з паверхні глебы і вады праводзяць на чатырох аграметэаралагічных станцыях, з паверхні вады — на чатырох гідраметэаралагічных станцыях.