Дата стварэння: 11.06.2025 15:19:13
Дата змены: 09.02.2026 11:16:46
Цеплавы́ бала́нс зямной паверхні
Колькасны паказчык прыходу і расходу энергіі для ўчастка зямной паверхні. Выражаецца ўраўненнем R + Р + LE + В = 0, дзе R — радыяцыйны баланс зямной паверхні, Р — турбулентны паток цяпла паміж зямной паверхняй і атмасферай, В — паток цяпла ад зямной паверхні ўглыб глебы або вады, LE — затрата цяпла на выпарэнне.
Судачыненне кампанентаў балансу змяняецца з цягам часу і залежыць ад уласцівасцей падсцілаючай (дзейнай) паверхні, кліматычных умоў, пары года і сутак. Характар цеплавага балансу і яго энергетычны ўзровень абумоўліваюць асаблівасці і інтэнсіўнасць большасці працэсаў, якія адбываюцца. У дзённы час зямная паверхня пры адсутнасці снегавога покрыва атрымлівае ад Сонца больш цяпла ў выглядзе паглынутай радыяцыі, чым губляе ў выглядзе эфектыўнага выпрамянення, г. зн. яе радыяцыйны баланс — дадатны. З прычыны больш высокай тэмпературы зямной паверхні (у параўнанні з прылеглымі слаямі паветра і глебы) у выніку ўзнікаюць патокі цяпла, накіраваныя ўверх і ўніз ад зямной паверхні; цяпло губляецца таксама праз выпарэнне вільгаці з яе. У начны час з прычыны радыяцыйнага ахалоджвання тэмпература зямной паверхні звычайна ніжэй за тэмпературу суседніх слаёў паветра і глебы на глыбіні, таму патокі цяпла накіраваныя да паверхні.
Ва ўмовах Беларусі ў ліпеньскі поўдзень патокі цяпла ад зямной паверхні ў ніжнім слоі атмасферы і ў верхнім слоі глебы, а таксама затраты цяпла на выпарэнне складаюць у сярэднім прыкладна 0,04, 0,15 і 0,19 кВт/м², а ў ліпеньскую поўнач адпаведна −0,03, −0,01 і −0,01 кВт/м².