РАДЫЯЦЫЙНЫ БАЛАНС, рознасць паміж прыходам і расходам прамяністай энергіі Сонца
pdf

РАДЫЯЦЫЙНЫ БАЛАНС

Дата стварэння: 14.10.2024 10:31:03

Дата змены: 12.03.2026 14:11:34


Радыяцы́йны бала́нс зямной паверхні

Рознасць паміж прыходам і расходам прамяністай энергіі Сонца; найважнейшы кампанент цеплавога балансу зямной паверхні, адзін з асноўных кліматаўтваральных фактараў.

Для падсцілаючай (дзейнай) паверхні прыходная частка радыяцыйнага балансу — паглынутая сумарная радыяцыя і паглынутае супрацьвыпрамяненне атмасферы; расходная частка — страта цяпла падсцілаючай паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення.

Радыяцыйны баланс выражаецца па формуле: В = Q + Еа − R − ЕЗ = 0пагл − Еэф, дзе Q — сумарная радыяцыя, R — адбітая радыяцыя, Q пагл = Q − R — паглынутая радыяцыя, Еа — атмасфернае выпрамяненне, ЕЗ — выпрамяненне зямной паверхні, Еэф = ЕЗ − Еа — эфектыўнае выпрамяненне.

Радыяцыйны баланс днём бывае дадатным, апоўдні дасягае максімуму (да 0,9 кВт/м²), ноччу становіцца адмоўным. Пераход праз 0° адбываецца пры вышыні Сонца 10–15° (пры снегавым покрыве 20–25°). Пры дадатным радыяцыйным балансе зямная паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы, паветра і выпарэнне, пры адмоўным — расходуе яго, таму адбываецца радыяцыйнае ахалоджванне.

Радыяцыйны баланс вымяраецца з дапамогай балансамера. У Беларусі такія назіранні праводзяцца на трох метэаралагічных станцыях (Мінск; Палеская, Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці; Васілевічы, Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці). Гадавыя сумы радыяцыйнага балансу па тэрыторыі Беларусі змяняюцца ад 1300 да 2000 МДж/м², павялічваючыся з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Мінімальныя месячныя сумы радыяцыйнага балансу ў студзені (ад −30 да −40 МДж/м²) на ўсходзе і паўднёвым усходзе краіны. У лютым ён крыху павялічваецца (на паўднёвым захадзе становіцца дадатным). У наступныя месяцы баланс рэзка павялічваецца і дасягае максімальных значэнняў у чэрвені на паўднёвым захадзе (380–400 МДж/м²). Пасля жніўня ён хутка памяншаецца і ў лістападзе практычна па ўсёй тэрыторыі становіцца адмоўным. Сутачныя сумы радыяцыйнага балансу, як і месячныя, маюць плаўны гадавы ход з максімумам у чэрвені і мінімумам у студзені. Напрыклад, у Мінску яны павялічваюцца ад −0,7 МДж/м² у студзені да 11 МДж/м² у чэрвені.