Дата стварэння: 11.06.2025 14:09:40
Дата змены: 10.03.2026 16:39:56
Аграметэаралагі́чная ста́нцыя
Спецыялізаваная станцыя, якая ажыццяўляе стандартныя метэаралагічныя і аграметэаралагічныя вымярэнні і назіранні. Аграметэаралагічная станцыя вывучае рэгіянальныя аграметэаралагічныя ўмовы вырошчвання сельскагаспадарчых культур, аграгідралагічныя ўласцівасці і водны баланс глебы, мікраклімат, асаблівасці палёў і фактары, якія ўплываюць на ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур; выконвае назіранні за выпарэннем з паверхні глебы і раслін; праводзіць выпрабаванне новых прыбораў і даследчыя работы.
Спецыялісты аграметэаралагічнай станцыі ажыццяўляюць феналагічныя назіранні, вызначаюць жыццяздольнасць азімых культур і садовых дрэў узімку і пасля снегараставання, вызначаюць фазы развіцця кожнага віду раслін, вільготнасць глебы, гушчыню пасеваў, вышыню раслін, засмечанасць пасеваў пустазеллем, пашкоджанне пасеваў шкоднікамі і хваробамі або ў выніку неспрыяльных метэаралагічных з’яў. Праводзяць назіранні за паляганнем сельскагаспадарчых пасеваў, вільготнасцю збожжа, фарміраваннем ураджаю, неспрыяльнымі ўмовамі ўборкі, вызначаюць стан пасеваў на розных тыпах глебы.
Аграметэаралагічная станцыя праводзіць аператыўнае забеспячэнне аграметэаралагічнай інфармацыяй спажыўцоў.
На Беларусі аграметэаралагічныя назіранні ажыццяўляюцца на 44 пунктах, у т. л. на 5 аграметэаралагічных станцыях (2023): у гарадах Васілевічы (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці), Ваўкавыск (Гродзенская вобласць), Горкі (Магілёўская вобласць), гарадскім пасёлку Шаркаўшчына (Віцебская вобласць), у аграгарадку Самахвалавічы (Мінскі раён).