Дата стварэння: 11.06.2025 15:00:07
Дата змены: 25.03.2026 10:29:25
Неспрыя́льныя метэаралагі́чныя з’я́вы
Атмасферныя з’явы, якія па сваёй інтэнсіўнасці, працягласці, часе ўзнікнення і плошчы пашырэння могуць прывесці або прывялі да значных страт у эканоміцы і ствараюць пагрозу здароўю і жыццю людзей.
У Беларусі да такіх з’яў адносяцца:
туман — бачнасць 50–500 м, працягласць больш за 3 гадз;
вецер — хуткасць пры парывах 15–24 м/с;
наліпанне мокрага снегу — таўшчыня адкладу 11–34 мм;
шэрань — таўшчыня больш за 50 мм;
завіруха — перанос снегу ветрам пры сярэдняй хуткасці ветру 11–14 м/с працягласцю больш за 3 гадз або пры хуткасці ветру больш за 15 м/с працягласцю менш за 12 гадз;
моцны дождж — колькасць ападкаў 15–49 мм за 12 гадз;
моцны снег — колькасць ападкаў 7–19 мм за 12 гадз;
шквал — хуткасць ветру пры парывах 15–24 м/с;
град — дыяметр градзін 6–19 мм;
пылавая бура — пры пераважнай сярэдняй хуткасці ветру 11–14 м/с працягласцю больш за 3 гадз;
мароз — мінімальная тэмпература паветра −26…−34 °С;
гарачыня — максімальная тэмпература паветра 30–34 °С;
замаразкі ў паветры альбо на глебе — паніжэнне тэмпературы паветра ці глебы ніжэй за 0 °С;
сухавейныя з’явы — захаванне на працягу не менш як трох дзён высокай тэмпературы паветра (удзень 25 °С і вышэй), нізкай адноснай вільготнасці (удзень не вышэй за 30 %) пры ўзмацненні хуткасці ветру да 5 м/с (хуткасць ветру сярэдняя за 2 або 10 мін) і больш;
засушлівыя з’явы — адсутнасць на працягу 30 дзён і болей атмасферных ападкаў, якія перавышаюць 5 мм/сут, пры высокай тэмпературы паветра (удзень вышэй за 25 °С) не менш чым у палове дзён перыяду назіранняў.
Больш небяспечныя з’явы вылучаюцца ў групу небяспечных метэаралагічных з’яў.