ГАРАЧЫНЯ, павышэнне максімальнай тэмпературы паветра да 35 °C і вышэй
pdf

ГАРАЧЫНЯ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:26:57

Дата змены: 23.03.2026 11:30:43


Гарачыня​́

Павышэнне максімальнай тэмпературы паветра да 35 °С і вышэй; можа ахопліваць значную частку тэрыторыі, дзейнічае працяглы час, наносіць істотную шкоду эканоміцы, сельскай гаспадарцы і здароўю чалавека.

Згодна з міжнароднай шкалой колеравых кодаў, якая характарызуе ступень небяспекі атмасферных з’яў, для гарачыні прыняты наступныя градацыі: аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўляецца пры тэмпературы ад 30 да 34 °С; чырвоны, самы высокі — пры тэмпературы вышэй за 35 °С.

На тэрыторыі Беларусі моцная гарачыня як небяспечная метэаралагічная з’ява назіраецца даволі рэдка. Часцей за ўсё гарачыня адзначаецца на тэрыторыі Гомельскай вобласці — раз у 3 гады, радзей — у Мінскай і Брэсцкай абласцях — раз у 7–8 гадоў, у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях назіраецца раз у 13 гадоў і яшчэ радзей у Віцебскай вобласці — раз у 17 гадоў.

Больш за ўсё гарачых дзён прыпадае на жнівень, іх імавернасць 60–75 %. У ліпені імавернасць гарачыні складае 25–43 %. У чэрвені гэта з’ява адзначаецца толькі ў Гомельскай вобласці з імавернасцю 7 %.

Гарачае надвор’е часцей за ўсё абумоўлена пранікненнем у летні час на тэрыторыю Беларусі трапічных паветраных мас. Ачагамі іх паходжання з’яўляюцца Азорскі антыцыклон, Афрыка, Міжземнае мора і Чорнае мора.