АЗОРСКІ АНТЫЦЫКЛОН, вобласць высокага атмасфернага ціску ў субтрапічных і трапічных шыротах паўночнай часткі Атлантычнага акіяна
pdf

АЗОРСКІ АНТЫЦЫКЛОН

Дата стварэння: 16.06.2025 09:10:19

Дата змены: 27.06.2025 15:28:03


Азо́рскі антыцыкло́н

Іншыя назвы: Азорскі максімум, Паўночнаатлантычны антыцыклон, Паўночнаатлантычны максімум.

Пастаянная вобласць высокага атмасфернага ціску ў субтрапічных і трапічных шыротах паўночнай часткі Атлантычнага акіяна з цэнтрам каля 35‑й паралелі, непадалёк ад Азорскіх астравоў.

Зімой мае адгор’е антыцыклону, якое распаўсюджваецца на Паўночную Афрыку, летам — на Міжземнае мора і Паўднёвую Еўропу і выклікае засушлівыя летнія перыяды. У гады, калі Азорскі антыцыклон мацнее, ён прыносіць гарачыню і засуху і на Цэнтральную і Усходнюю Еўропу. Ціск у цэнтры Азорскага антыцыклону змяняецца ад 1020–1022 гПа вясной і восенню да 1024–1025 гПа зімой і летам.

Азорскі антыцыклон моцна ўплывае на кліматычныя працэсы ў рэгіёне, выклікаючы ўраганы ў Карыбскім моры і на ўсходнім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі, уздзейнічае на мясцовую фаўну.

Раён Азорскага антыцыклону — асноўны ачаг фарміравання марскога трапічнага паветра для Еўропы.

На надвор’е Беларусі ўплываюць паўночна-ўсходняя перыферыя або асобныя ядры Азорскага антыцыклону, пры гэтым усталёўваецца сухое і сонечнае надвор’е з высокімі тэмпературамі паветра (зімой да 8 °С і вышэй, летам да 25–30 °С). Сярэднегадавая паўтаральнасць надвор’я пад уплывам Азорскага антыцыклону складае 12–14 % усяго часу, летам — да 18 %.

Гл. таксама Азіяцкі антыцыклон.