ПЫЛАВАЯ БУРА, пыльная бура, чорная бура — перанос вялікай колькасці густога пылу ці пяску моцным ветрам
pdf

ПЫЛАВАЯ БУРА

Дата стварэння: 11.06.2025 15:08:14

Дата змены: 23.03.2026 14:38:10


Пылава́я бу́ра

Іншыя назвы: пыльная бура, чорная бура.

Перанос вялікай колькасці густога пылу ці пяску моцным ветрам. Назіраецца ў асноўным у цёплы перыяд года пры перасыханні глебы, пры слабым развіцці або адсутнасці расліннасці і ветры больш за 15 м/с. Далёкасць бачнасці ў час пылавой буры значна памяншаецца. Разнавіднасць пылавой буры — пыльная замець — перанос пылу ці пяску ветрам непасрэдна над паверхняй зямлі (да вышыні 1,5 м). Назіраецца пры ўмераным ветры. Бачнасць падчас замеці не пагаршаецца або пагаршаецца нязначна.

У Беларусі зрэдку назіраецца занос пылу з паўночных раёнаў Усходняй Еўропы, Міжземнамор’я або Сахары.

Часцей за ўсё пылавыя буры бываюць на вялікіх адкрытых пераасушаных тарфяных масівах у красавіку — чэрвені, 60 % сутак з пылавымі бурамі прыпадае на май. У гады з малой колькасцю ападкаў у маі адзначаецца 3–4 і больш дзён з пылавымі бурамі.

У маі 1949 г. у пасёлку Красцінава (цяпер аграгарадок Палескі) Лунінецкага раёна і гарадскім пасёлку Жыткавічы (цяпер горад) адзначана па 5 сутак з пылавой бурай, у вёсцы Васілевічы (цяпер горад) Рэчыцкага раёна — 4. У Брэсцкай і Гомельскай абласцях у 1981 г. значныя пылавыя буры адзначаны ў красавіку. За апошнія 40 гадоў на Палессі зарэгістравана 350 пылавых бур. Адна з самых буйных адбылася 22 красавіка 1981 г. Яна доўжылася 5 гадз 40 хвіл.

Пылавыя буры наносяць вялікую шкоду сельскай гаспадарцы: выдзімаюць верхнія пласты глебы, засыпаюць пасевы. Барацьба з пылавымі бурамі праводзіцца з дапамогай полеахоўных палос, снега- і водазатрымання, безадвальнага ворыва, а таксама выкарыстання агратэхнічных метадаў (травасеянне, севазварот, контурнае ўзворванне і інш.).