Дата стварэння: 14.10.2024 10:25:38
Дата змены: 23.03.2026 11:14:50
Вегетацы́йны перы́яд
Перыяд (частка) года, на працягу якога тэмпература ў прыродным асяроддзі культурных раслін спрыяе іх росту і развіццю (вегетацыі).
У першым прыбліжэнні гэта безмарозны перыяд, аднак для розных культур у адной і той жа мясцовасці вегетацыйны перыяд можа быць розным у залежнасці ад марозаўстойлівасці і біялагічных асаблівасцей раслін. Працягласць вегетацыйнага перыяду залежыць ад геаграфічнай шыраты і даўгаты мясцовасці, араграфічных умоў; выражаецца ў днях ці сумах дадатных тэмператур паветра.
У залежнасці ад біялагічных асаблівасцей, вегетацыйны перыяд розных відаў раслін можа істотна адрознівацца. У адной і той жа культурнай расліны адрозніваюць сарты з кароткім вегетацыйным перыядам (скараспелыя) і з доўгім (познаспелыя). Першыя вырошчваюць звычайна ў больш паўночных абласцях, другія — у больш паўднёвых. Працягласць вегетацыйнага перыяду вызначаецца колькасцю дзён з сярэдняй сутачнай тэмпературай паветра больш за 5 °С.
У Беларусі вясной тэмпература пераходзіць праз 5 °С у сярэднім праз 3 тыдні пасля ўсталявання дадатных тэмператур. Пачатак вегетацыі на паўднёвым захадзе Беларусі прыпадае на канец 1‑й дэкады красавіка, а да канца 2‑й дэкады гэтага месяца сярэдняя сутачная тэмпература паветра пераходзіць праз 5 °С на ўсёй тэрыторыі краіны. Заканчваецца вегетацыйны перыяд на паўднёвым захадзе ў пачатку лістапада, на паўночным усходзе — у канцы 2‑й дэкады кастрычніка.
Працягласць вегетацыйнага перыяду мяняецца ад 217 дзён на крайнім паўднёвым захадзе да 191 дня на поўначы і паўночным усходзе Беларусі. У асобныя гады гэты паказчык можа адрознівацца ад сярэдніх шматгадовых значэнняў на 30–40 дзён. На ўзвышшах вегетацыйны перыяд на 3–6 дзён карацейшы, чым на суседніх раўнінах; на лясных палянах, асушаных тарфяніках, у катлавінах пачынаецца на 10–12 дзён пазней і заканчваецца на 6–8 дзён раней.
За вегетацыйны перыяд на тэрыторыі Беларусі выпадае каля 65–70 % гадавой сумы атмасферных ападкаў.