БЕЗМАРОЗНЫ ПЕРЫЯД, бяззамаразкавы перыяд — прамежак часу паміж шматгадовымі сярэднімі датамі апошняга замаразку вясной і першага замаразку восенню
pdf

БЕЗМАРОЗНЫ ПЕРЫЯД

Дата стварэння: 19.06.2025 15:30:13

Дата змены: 12.03.2026 10:30:06


Безмаро́зны перы́яд

Іншая назва: бяззамаразкавы перыяд.

Прамежак часу паміж шматгадовымі сярэднімі датамі апошняга замаразку вясной і першага замаразку восенню (у паветры) на фоне дадатных тэмператур паветра.

Працягласць безмарознага перыяду разлічваецца як рознасць сярэдняй шматгадовай даты заканчэння вясной і пачатку восенню замаразкаў як у паветры, так і на глебе.

Даныя працягласці безмарознага перыяду выкарыстоўваюцца пры планаванні тэрмінаў палявых работ, выбары сартоў сельскагаспадарчых культур і г. д.

Залежыць ад геаграфічнай шыраты, рэльефу, характару падсцілаючай паверхні, расліннасці, суседства водных аб’ектаў. Ва ўпадзінах, на палях і асабліва асушаных балотах безмарозны перыяд карацейшы, чым на адкрытых месцах і ўзвышшах. Ва ўмераных шыротах прыкладна супадае з перыядам актыўнай вегетацыі.

Працягласць безмарознага перыяду абмяжоўвае магчымасці вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур і шмат у чым вызначае іх «набор» у той ці іншай мясцовасці.

У Беларусі безмарозны перыяд пачынаецца на поўдні і паўднёвым захадзе ў канцы красавіка, у цэнтральнай паласе — у пачатку мая, на поўначы — у сярэдзіне мая. Заканчваецца амаль паўсюдна ў кастрычніку.

Безмарозны перыяд доўжыцца 155–165 сутак на поўдні і 140–150 сутак на поўначы, у асобныя гады ад 84 да 183 сутак на поўначы і ад 120 да 209 сутак на поўдні і паўднёвым захадзе.

Змяненне сучаснага клімату спрыяе павелічэнню працягласці безмарознага перыяду — больш раннім тэрмінам яго пачатку і больш познім заканчэння, што станоўча ўплывае на прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі і іншыя галіны гаспадарання.