СМЕРЧ, тромб, тарнада — магутны вертыкальны цыкланічны віхор
pdf

СМЕРЧ

Дата стварэння: 11.06.2025 15:16:39

Дата змены: 06.03.2026 10:49:26


Смерч

Іншыя назвы: тромб, тарнада.

Магутны вертыкальны цыкланічны віхор у выглядзе цёмнага слупа з лейкападобнымі пашырэннямі зверху і знізу, які ўзнікае пад навальнічнымі кучава-дажджавымі воблакамі і рухаецца са значнай хуткасцю; небяспечная метэаралагічная з’ява. Узнікае пры няўстойлівасці ніжняга слоя атмасферы, звычайна з набліжэннем атмасфернага фронту. Ціск паветра ў смерчы паніжаны.

На тэрыторыі Беларусі штогод назіраецца 1–2, максімум 5 смерчаў (з сакавіка па верасень, пераважна ў ліпені), звычайна ў светлы час сутак (80 %) з 13 да 18 гадз. Вышыня ад 100 да 1000–1500 м, хуткасць перамяшчэння 10–20 м/с. У выніку вярчэння ўнутры смерчу ўзнікае разрэджанне, а вакол ядра — моцныя, да 70–100 м/с, узбежныя патокі паветра. Часцей за ўсё рухаецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, доўжыцца ад некалькіх хвілін да некалькіх гадзін. Звычайна суправаджаецца навальніцай, гулам ветру, трэскам паламаных дрэў і будынкаў, у той час як паблізу можа назірацца амаль поўнае зацішша. Валодае вялікай разбуральнай сілай (зрывае дахі, вырывае з каранямі дрэвы, пашкоджвае апоры ліній электраперадачы, пасевы і інш.) і ўсмоктвальным дзеяннем (захоплівае і пераносіць на значныя адлегласці тэхніку, людзей, жывёл і інш.). Утварае паласу разбурэння шырынёй да сотняў метраў і даўжынёй да 5–10 км.

Большасць смерчаў у Беларусі адносяць да 1–2 класа інтэнсіўнасці па шкале Фудзіты. У сувязі з пацяпленнем клімату колькасць смерчаў і іх разбуральная сіла ўстойліва павялічваюцца. Прадказаць смерч немагчыма.