АРКТЫЧНАЕ ПАВЕТРА, паветраныя масы, якія фарміруюцца над Паўночным Ледавітым акіянам, над прылеглымі палярнымі астравамі і ўчасткамі сушы
pdf

АРКТЫЧНАЕ ПАВЕТРА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:25:17

Дата змены: 09.02.2026 08:52:51


Аркты́чнае паве́тра

Іншая назва: арктычныя паветраныя масы.

Паветраныя масы арктычнага паходжання, г. зн. тыя, што фарміруюцца ў Паўночным палярным басейне, а зімой таксама над часткамі мацерыкоў, якія распасцерліся далёка на поўнач.

Характарызуецца нізкай тэмпературай, моцнай празрыстасцю, утрымлівае мала вільгаці. Трапляючы ў нізкія шыроты, арктычнае паветра стварае рэзкія пахаладанні — хвалі холаду.

Вылучаюць марское арктычнае паветра, якое паступае на тэрыторыю Беларусі з поўначы і паўночнага захаду, з раёнаў Шпіцбергена і Грэнландыі. Рухаючыся на поўдзень над морам, арктычнае паветра праграваецца і набывае няўстойлівую стратыфікацыю ў ніжніх слаях з утварэннем воблакаў і атмасферных ападкаў канвекцыйнага паходжання.

Кантынентальнае арктычнае паветра сухое, устойлівае, аднак рухаючыся на поўдзень і праграваючыся, яно змяншае сваю ўстойлівасць. Паступае з паўночнага ўсходу цераз Карскае мора або Баранцава мора.

Арктычнае паветра ў атмасферы над тэрыторыяй Беларусі бывае ў сярэднім 40–70 сутак на год, з ім звязаны вясновыя і восеньскія замаразкі.