Дата стварэння: 11.06.2025 15:09:16
Дата змены: 06.03.2026 10:49:27
Вясёлка
Аптычная і метэаралагічная з’ява ў атмасферы ў выглядзе адной або некалькіх рознакаляровых дуг, бачных на небасхіле на фоне заслоны дажджу ці туману, якая знаходзіцца з супрацьлеглага боку. Цэнтр акружнасці вясёлкі знаходзіцца на прамой, якая праходзіць праз назіральніка і Сонца, пры гэтым Сонца — заўсёды за спіной назіральніка.
З’ява абумоўлена працэсамі праламлення, адбіцця і дыфракцыі святла ў кроплях дажджу. Вонкавая частка вясёлкі афарбаваная ў чырвоны колер і мае радыус 42°, унутраная — фіялетавая; астатнія колеры размяшчаюцца адпаведна даўжыні хваль. Афарбоўка вясёлкі, шырыня і яркасць яе палос не заўсёды аднолькавыя, і не ўсе колеры спектра ў ёй прысутнічаюць пастаянна. Нярэдка з вонкавага боку асноўнай вясёлкі назіраецца другая вясёлка з адваротным чаргаваннем колераў, што размяшчаецца канцэнтрычна адносна асноўнай; радыус яе ўнутранай чырвонай часткі каля 50°.
У Беларусі вясёлка можа з’яўляцца з сакавіка па лістапад (у маі і жніўні амаль штогод).