СМУГА, дымка — атмасферная з’ява ў выглядзе слабога памутнення паветра ў прыземнай атмасферы
pdf

СМУГА

Дата стварэння: 11.06.2025 14:35:20

Дата змены: 23.03.2026 11:29:50


Смуга́

Іншая назва: дымка.

Атмасферная з’ява ў выглядзе слабога памутнення паветра ў прыземнай атмасферы, выкліканага наяўнасцю ў паветры прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — драбнюткіх кропелек вады або крышталікаў лёду пры адноснай вільготнасці паветра 85–100 %. Смуга можа быць вільготная, калі ў паветры ўтрымліваюцца кропелькі вады, і марозная, калі паветра напоўнена крышталікамі лёду.

Смуга з’яўляецца вынікам рассейвання святла на завіслых у паветры часціцах і малекулах паветра. Сіне-фіялетавыя прамяні рассейваюцца мацней, чым жоўтыя і чырвоныя, таму ва ўмовах смугі аддаленыя прадметы набываюць блакітнаваты колер. Яна памяншае кантраст выявы, а таксама зніжае адрозненні ў колеры далёка размешчаных аб’ектаў. Пры моцнай смузе прадметы становяцца нераспазнавальнымі.

Далёкасць бачнасці пры смузе скарачаецца, яна вагаецца ў межах ад 1 да 9 км. Пры бачнасці менш за 1 км адзначаецца туман. Памутненне паветра можа быць выклікана наяўнасцю часціц пылу ці дыму, тады яно называецца імглой.

Смуга ў Беларусі — распаўсюджаная атмасферная з’ява. Можа ўзнікаць перад туманам ці пасля яго, нярэдка назіраецца падчас дажджу, імжы, дажджу са снегам, паколькі паветра ў прыземным слоі атмасферы становіцца вільготным за кошт выпарэння ападкаў.