ДОЖДЖ, вадкія атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады
pdf

ДОЖДЖ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:27:25

Дата змены: 29.08.2025 10:24:48


Дождж

Вадкія атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады дыяметрам ад 0,5 да 6–7 мм.

Ад дажджу варта адрозніваць імжу з меншым дыяметрам кропелек. Адрозніваюць абложны і ліўневы дажджы.

Абложныя дажджы — выпадзенне ападкаў са слаіста-дажджавых воблакаў, бесперапыннае або з кароткімі перапынкамі, раўнамернай інтэнсіўнасці. Воблакі пры гэтым пакрываюць усё неба суцэльным аднастайным покрывам. Гэта вельмі працяглыя ападкі (доўжацца некалькі дзён) сярэдняй інтэнсіўнасці, выпадаюць на вялікай плошчы — сотні тыс. кв. км.

Ліўневыя дажджы буйнакропельныя, звязаныя галоўным чынам з кучава-дажджавымі воблакамі; раптоўна пачынаюцца і заканчваюцца, характарызуюцца рэзкім нарастаннем інтэнсіўнасці. У некаторых выпадках суправаджаюцца навальніцай.

Часам бывае ледзяны дождж — ападкі ў выглядзе дробных ледзяных шарыкаў дыяметрам 1–3 мм, што ўтвараюцца пры замярзанні дажджавых кропель, якія выпадаюць з цёплага слоя атмасферы ў халодны.

На Беларусі за год выпадае ў сярэднім 450–500 мм вадкіх ападкаў (70–80 % ад гадавой сумы). За год адзначаецца 100–115 дзён з дажджом. У халодны перыяд разам з цвёрдымі атмасфернымі ападкамі выпадаюць абложныя дажджы (1–8 дзён у месяц). Летам пераважаюць ліўневыя дажджы. Найбольш дажджлівы месяц ліпень (тады дажджы бываюць 13–16 дзён і выпадае 77–97 мм ападкаў).

На Беларусі адзначаюцца асабліва небяспечныя дажджы (каля 50 мм за 12 гадз), бываюць ў цэлым за лета адзін раз у 7–12 гадоў. Працяглыя перыяды са штодзённым выпадзеннем ападкаў неспрыяльныя і небяспечныя для асобных галін эканомікі. Такія перыяды з красавіка па кастрычнік назіраюцца 4–6 гадоў з 10, сярэдняя працягласць іх 11–14 дзён. Зацяжныя дажджы выклікаюць паводкі і навадненні.

Перыяды без дажджу разам з павышэннем тэмпературы паветра павялічваюць небяспеку ўзнікнення засух.