РАСА, дробныя кроплі вады, якія ўтвараюцца ў працэсе кандэнсацыі вадзяной пары
pdf

РАСА

Дата стварэння: 11.06.2025 15:11:49

Дата змены: 23.03.2026 14:41:34


Раса́

Дробныя кроплі вады, якія ўтвараюцца ў працэсе кандэнсацыі вадзяной пары пры малавоблачным надвор’і ці ясным небе, пры штылі або слабым ветры ў выніку судакранання вільготнага паветра з халаднейшымі, ахалоджанымі начным выпраменьваннем паверхнямі (зямлёй, раслінамі, наземнымі прадметамі і інш.). На траве і лісці раслін кроплі звычайна зліваюцца ў буйнейшыя. Як правіла, раса ўтвараецца ноччу або ўвечары, пасля захаду Сонца. Можа назірацца ў час смугі ці папярэднічаць утварэнню радыяцыйных туманаў, а таксама з’яўляцца разам з імі. На адкрытых гарызантальных паверхнях раса бывае багатай і ва ўмераных шыротах можа даваць да 0,5 мм слоя вады за ноч; гадавая колькасць вільгаці, якая ападае ў выглядзе расы, прыкладна 10–30 мм.

У Беларусі перыяд утварэння расы — з сакавіка па лістапад. За год у сярэднім бывае 80–120 сутак расой (зрэдку да 175 сутак), у Мінску — 90 сутак.

Раса адыгрывае важную ролю ў развіцці жывой прыроды. Яна з’яўляецца крыніцай вільгаці ў гарачыя і сухія перыяды для раслін і дробных жывёл. У працэсе кандэнсацыі вадзяной пары адбываецца ачышчэнне паветра ад забруджвальных рэчываў і выдзяленне цеплавой энергіі, таму замаразкі не ўзнікаюць.