Дата стварэння: 11.06.2025 15:15:43
Дата змены: 23.03.2026 14:44:16
Слаі́стыя во́блакі
Шэры воблачны слой з дастаткова аднароднай асновай, з якога часам могуць выпадаць імжа, ледзяныя іголкі і снежныя зерні. Размяшчаюцца на вышыні да 2 км. Часам слаістыя воблакі апускаюцца нізка і зліваюцца з туманам. Звычайна закрываюць усё неба заслонай, але часам могуць назірацца ў выглядзе парваных воблачных мас. Узнікаюць у выніку ахаладжэння паветра ад падсцілаючай паверхні і дадатковага ахаладжэння ў працэсе турбулентнасці. Складаюцца пераважна з кропель, пры нізкіх тэмпературах — пераахалоджаных, пры вельмі нізкіх могуць з’яўляцца дробныя крышталічныя часцінкі. Пры значнай магутнасці і шчыльнасці са слаістых воблакаў часам выпадаюць слабыя ападкі. Часцей за ўсё назіраюцца раніцай.
Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Stratus (St).
Над тэрыторыяй Беларусі аснова слаістых воблакаў на вышыні 0,1–0,7 км, магутнасць ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў метраў. У сярэднім за год іх паўтаральнасць складае ад 5 % (горад Жыткавічы) да 15 % (Мінск), у летнія месяцы — ад 0,4 да 5 %, вясеннія — ад 1 да 15 %, асеннія — ад 1 да 37 %, зімовыя — ад 9 да 39 % часу ад агульнай воблачнасці.