ВЫСОКАСЛАІСТЫЯ ВОБЛАКІ, шараватыя або сіняватыя воблакі валакністай або аднастайнай структуры ў сярэдніх слаях трапасферы
pdf

ВЫСОКАСЛАІСТЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 11.06.2025 14:26:44

Дата змены: 23.03.2026 11:24:04


Высокаслаі́стыя во́блакі

Шараватыя або сіняватыя воблакі валакністай або аднароднай структуры ў сярэдніх пластах трапасферы. Пакрываюць неба часткова або цалкам, маюць такую пранікальнасць для прамога сонечнага святла, што скрозь іх можна вызначыць месцазнаходжанне Сонца, якое здаецца размытым. Звычайна ўваходзяць у склад франтальных воблачных сістэм, звязаных з узбежнымі рухамі паветраных мас. Ва ўмовах цёплага атмасфернага фронту ідуць следам за перыстымі воблакамі і паступова пераходзяць у слаіста-дажджавыя воблакі, ва ўмовах халоднага фронту — за слаіста-дажджавымі і з часам пераходзяць у перыста-слаістыя воблакі. Калі ўтвараюцца тонкія шматслойныя аблокі, то на іх фоне іншы раз назіраюцца каляровыя вянцы вакол дыскаў Сонца і Месяца.

Складаюцца з сумесі пераахалоджаных кропляў і крышталёў (пласцінак і слупкоў, у ніжніх слаях — дробных сняжынак) і даюць малаінтэнсіўныя абложныя ападкі — снег або дождж, — бачныя на адлегласці, але выпараюцца, не дасягнуўшы паверхні зямлі. Высокаслаістыя воблакі могуць сведчыць аб набліжэнні цёплага фронту ці цыклону, бо часта папярэднічаюць больш складаным умовам надвор’я, уплываюць на асветленасць і могуць ствараць эфект «цьмянага дня».

Па міжнароднай класіфікацыі аблокаў называюцца Altostratus (As).

Над тэрыторыяй Беларусі вышыня асновы высокаслаістых воблакаў 2–6 км, таўшчыня 1–2 км, гарызантальная працягласць 100–1000 км. У сярэднім за год назіраюцца ад 5 % (горад Слуцк) да 13 % (горад Гродна), у летнія і асеннія месяцы — ад 3 да 17 %, у зімовыя і вясеннія — ад 5 да 24 % часу ад агульнай воблачнасці.