Дата стварэння: 11.06.2025 15:04:47
Дата змены: 25.03.2026 10:23:55
Пе́рыста-слаі́стыя во́блакі
Белаватае напаўпразрыстае покрыва ў верхняй трапасферы, звычайна валакністае, часам размытае, можа закрываць усё неба і часта дае з’яву гало. Перыста-слаістыя воблакі складаюцца з дробных ледзяных крышталёў пераважна ў форме іголак або слупкоў. Належаць да воблачных сістэм цёплых атмасферных франтоў або франтоў аклюзіі, г. зн. звязаны з узбежным рухам паветра; часам яны ўзнікаюць у выніку трансфармацыі іншых родаў воблакаў, напрыклад пры расплыванні кучава-дажджавых воблакаў. Ападкаў не даюць. Гэтыя воблакі могуць быць прадвеснікамі змены надвор’я, асабліва калі яны прыводзяць да з’яўлення гало і зніжэння бачнасці. Могуць папярэднічаць утварэнню больш шчыльных воблакаў, такіх як перыста-кучавыя воблакі або слаіста-дажджавыя воблакі.
Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Cirrostratus (Cs).
Над тэрыторыяй Беларусі аснова перыста-слаістых воблакаў на вышыні 6–8 км, таўшчыня ад сотняў метраў да 1–2 км. У сярэднім за год назіраюцца да 12 % часу ад агульнай воблачнасці.