ПЕРЫСТА-КУЧАВЫЯ ВОБЛАКІ, грады або слаі тонкіх белых воблакаў без ценяў у верхняй трапасферы
pdf

ПЕРЫСТА-КУЧАВЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 11.06.2025 15:03:21

Дата змены: 23.03.2026 11:51:02


Пе́рыста-кучавы́я во́блакі

Грады або слаі тонкіх белых воблакаў без ценяў у верхняй трапасферы. Пабудаваны з дробных элементаў, якія маюць выгляд камякоў, рабізны, маленькіх шарыкаў. Складаюцца пераважна з ледзяных крышталёў. Часам даюць гало; назіраюцца таксама вянцы і ірызацыя. Узнікаюць у выніку канвекцыйных і хвалевых рухаў паветра, а таксама ў сувязі з атмасфернымі франтамі, асабліва халоднымі. Ападкаў не даюць. Гэтыя аблокі малаўстойлівыя: яны хутка з’яўляюцца, змяняюцца і знікаюць. Сустракаюцца разам з перыстымі воблакамі і перыста-слаістымі воблакамі.

Па міжнароднай класіфікацыі аблокаў называюцца Cirrocumulus (Сс).

Над тэрыторыяй Беларусі аснова перыста-кучавых воблакаў на вышыні 6–8 км, таўшчыня слоя 0,2–0,4 км. У сярэднім за год назіраюцца ад 0,3 % (горад Полацк) да 2 % (горад Жыткавічы) часу ад агульнай воблачнасці.