ПЕРЫСТЫЯ ВОБЛАКІ, тонкія валакністыя воблакі белага колеру з шаўкавістым бляскам у верхняй трапасферы
pdf

ПЕРЫСТЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 11.06.2025 15:05:38

Дата змены: 06.03.2026 10:49:26


Пе́рыстыя во́блакі

Тонкія валакністыя воблакі белага колеру з шаўкавістым бляскам у верхняй трапасферы, размешчаныя ніжэй ад трапапаўзы. Пабудаваны з асобных перыстападобных элементаў у выглядзе тонкіх белых ніцей або белых шматкоў і выцягнутых град. Складаюцца з даволі буйных ледзяных крышталёў. Перыстыя воблакі характэрныя для пярэдняга краю воблачнай сістэмы цёплага атмасфернага фронту або фронту аклюзіі; часта развіваюцца таксама ў антыцыкланічных умовах, часам з’яўляюцца рэшткамі ледзяных вяршынь кучава-дажджавых воблакаў. У стадыі аклюзіі (запаўненне цыклону) перыстыя воблакі захоўваюцца больш працяглы час у параўнанні з іншымі формамі воблакаў.

Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Cirrus (Ci).

Над тэрыторыяй Беларусі аснова перыстых воблакаў на вышыні 6–10 км, таўшчыня ад сотняў метраў да 1–2 км. У сярэднім за год назіраюцца ад 18 % (гарады Слуцк, Мар’іна Горка) да 32 % (горад Пінск), у летнія месяцы — ад 22 да 41 %, вясеннія і асеннія — ад 11 да 36 %, зімовыя — ад 7 да 26 % часу ад агульнай воблачнасці.