Дата стварэння: 11.06.2025 15:14:45
Дата змены: 06.03.2026 10:49:26
Слаі́ста-кучавы́я во́блакі
Воблакі ў выглядзе шэрых або белых (ці адначасова абодвух адценняў) слаёў і град. Вертыкальная магутнасць невялікая, размешчаны на вышыні да 2 км. Узнікаюць у выніку хвалевых рухаў (асабліва ў слаях інверсій і над падветранымі схіламі ўзвышшаў), турбулентнага абмену, трансфармацыі канвекцыйных кучавых воблакаў і кучава-дажджавых воблакаў. Складаюцца з кропель, пры нізкіх тэмпературах — пераахалоджаных, да якіх часам дамешваюцца буйныя кроплі дажджу і ядры круп, радзей сняжынкі і снежныя камякі. Калі-нікалі даюць невялікія ападкі, могуць спрыяць утварэнню туману ці імжы.
Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Stratocumulus (Sc).
Над тэрыторыяй Беларусі аснова слаіста-кучавых воблакаў на вышыні 0,5–1,5 км, таўшчыня 0,2–0,8 км. У сярэднім за год паўтаральнасць складае ад 22 % (горад Брэст) да 43 % (горад Пінск) часу ад агульнай воблачнасці.
Назіраюцца часцей за ўсё ўвечары. Летам у сувязі з развіццём канвекцыі колькасць слаіста-кучавых воблакаў узрастае ў параўнанні з зімой.