ПЕРЛАМУТРАВЫЯ ВОБЛАКІ, тонкія, яркія, празрыстыя воблакі, якія ўтвараюцца ў палярных абласцях у ніжняй стратасферы
pdf

ПЕРЛАМУТРАВЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 11.06.2025 15:06:20

Дата змены: 27.03.2026 11:43:04


Перламу́травыя во́блакі

Тонкія, яркія, празрыстыя воблакі, якія ўтвараюцца ў палярных абласцях у ніжняй стратасферы, рэдка — у сярэдніх шыротах ва ўмовах анамальна нізкай тэмпературы (–85 °С) на вышыні 20–30 км у зімова-вясновы перыяд. Назіраюцца ў час наступлення грамадзянскага змроку, калі Сонца апускаецца на 3–6° пад гарызонт, нагадваюць перыстыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі. Днём на фоне рассеянага святла яны становяцца нябачнымі.

Перламутравыя воблакі складаюцца з вадкіх часціц пераахалоджаных кропель азотнай і сернай кіслот і крышталёў вады. Азотная кіслата ўтвараецца ў трапасферы падчас навальніцы, пры ўспышках маланкі ва ўмовах высокіх тэмператур. Азот уступае ў рэакцыю з кіслародам і вадой, якія знаходзяцца ў газападобным стане. У выніку атрымліваецца газападобная азотная кіслата, пары якой паступаюць у стратасферу пад уздзеяннем працэсаў канвекцыйнага і турбулентнага перамешвання паветра.

Серная кіслата ўтвараецца непасрэдна ў стратасферы. Пры вулканічных вывяржэннях у стратасферу выкідаюцца газападобныя злучэнні серы, якія ўступаюць у рэакцыю з вадой і ўтвараюць вадкую серную кіслату. Вадзяная пара паступае ў стратасферу за кошт дынамічных працэсаў — канвекцыі і турбулентнасці, характэрных для трапасферы.

Кроплі кіслот і крышталі вады спрыяюць рассейванню і праламленню сонечнага святла, раскладаючы яго на спектральныя колеры, ствараючы вясёлкавую афарбоўку перламутравых воблакаў.

Перламутравыя воблакі валодаюць парніковым эфектам. Яны паглынаюць цяпло, якое выпраменьваецца паверхняй Зямлі, і перавыпраменьваюць частку гэтай энергіі зноў да зямной паверхні.

Па міжнароднай класіфікацыі аблокаў называюцца Nacreous clouds (Nc clouds).

Над тэрыторыяй Беларусі перламутравыя воблакі назіраюцца рэдка, у праграму метэаралагічных назіранняў не ўваходзяць.