ЗМРОК, аптычная з’ява, якая назіраецца ў атмасферы перад усходам і пасля захаду Сонца
pdf

ЗМРОК

Дата стварэння: 14.10.2024 10:28:04

Дата змены: 12.03.2026 10:30:05


Змрок

Іншыя назвы: змярканне, прыцемак.

Аптычная з’ява, якая назіраецца ў атмасферы перад усходам і пасля заходу Сонца; плаўны пераход ад начной цемры да дзённага святла і назад.

Падчас змроку паверхня Зямлі знаходзіцца ў цені, але некаторы час атрымлівае святло, рассеянае тымі слаямі атмасферы, якія пасля заходу (або перад усходам) Сонца асвятляюцца прамымі сонечнымі прамянямі.

Пры апусканні Сонца пад гарызонт колькасць рассеянага святла, якое даходзіць да паверхні, памяншаецца. Калі зямны цень дасягае вышыні 318 км, што адпавядае глыбіні апускання Сонца на 18°, рассеянае больш высокімі слаямі святло ўжо не ўплывае на асветленасць і на Зямлі настае ноч.

Працягласць змроку вызначаецца хуткасцю апускання Сонца пад гарызонт, што, у сваю чаргу, залежыць ад геаграфічнай шыраты месца і пары года. З павелічэннем геаграфічнай шыраты працягласць змроку павялічваецца.

Самы працяглы змрок бывае ў дзень летняга сонцастаяння, самы кароткі — у дні раўнадзенства. Каля дня летняга сонцастаяння ў высокіх шыротах (у Паўночным паўшар’і) вячэрні змрок змыкаецца з ранішнім і назіраюцца белыя ночы.

Адрозніваюць змрок грамадзянскі (Сонца апусцілася пад гарызонт да 6°; яшчэ дастаткова светла для паўсядзённай дзейнасці чалавека), навігацыйны (ад 6 да 12°; асвятленне зніжаецца, але яшчэ дазваляе арыентавацца на мясцовасці і выконваць некаторыя навігацыйныя задачы) і астранамічны (ад 12 да 18°; у момант заканчэння гэтага змроку ўвечары або пачатку яго раніцай бачныя буйныя зоркі, а гарызонт не асвятляецца Сонцам).