ВЫСОКАКУЧАВЫЯ ВОБЛАКІ, белыя, шэрыя або бела-шэрыя воблакі ніжніх і сярэдніх слаёў трапасферы
pdf

ВЫСОКАКУЧАВЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 11.06.2025 14:25:45

Дата змены: 23.03.2026 11:22:26


Высокакучавы́я во́блакі

Белыя, шэрыя або бела-шэрыя воблакі ніжніх і сярэдніх пластоў трапасферы. Выглядаюць як слаі і грады, нібы пабудаваныя з круглаватых мас, валоў, камякоў і пласцінак, якія налягаюць адна на адну. Сонца праз іх прасочваецца слаба. Часам даюць такія з’явы, як вянец (светлы арэол, што прымыкае да дыска свяціла), ірызацыя (вясёлкавая афарбоўка па краях воблакаў), гало. Іх фарміраванне ў асноўным звязана з хвалевымі рухамі паветра ў інверсійных слаях, развіццём інтэнсіўнай канвекцыйнай дзейнасці, а таксама з франтальнымі паверхнямі. Звычайна складаюцца з кропелек вады, пры нізкіх тэмпературах — пераахалоджаных, але ў іх могуць з’яўляцца і ледзяныя крышталі. Ападкі выпадаюць вельмі рэдка і толькі ў выглядзе асобных кропляў дажджу ці сняжынак.

Па міжнароднай класіфікацыі аблокаў называюцца Altocumulus (Ас).

Над тэрыторыяй Беларусі аснова высокакучавых воблакаў знаходзіцца на вышыні 2–6 км, таўшчыня 0,1–0,8 км, гарызантальная працягласць 10–100 км. У сярэднім за год назіраюцца ад 19 % (гарады Слуцк, Гродна) да 26 % (горад Брэст), у летнія і асеннія месяцы — ад 22 да 33 %, у зімовыя і вясеннія — ад 7 да 20 % часу ад агульнай воблачнасці.