СЕРАБРЫСТЫЯ ВОБЛАКІ, самыя высокія светлыя празрыстыя воблакі
pdf

СЕРАБРЫСТЫЯ ВОБЛАКІ

Дата стварэння: 11.06.2025 15:12:48

Дата змены: 23.03.2026 14:42:19


Серабры́стыя во́блакі

Самыя высокія светлыя празрыстыя воблакі, якія ўтвараюцца ў верхняй частцы мезасферы на вышыні 73–83 км; рэдкая атмасферная з’ява. Маюць характэрны серабрысты колер, што адрознівае іх ад іншых воблакаў. Назіраюцца пераважна паміж 45 і 70° паўночнай шыраты і 40 і 65° паўднёвай шыраты летнімі начамі, у змрок, калі сонца апускаецца пад гарызонт на 5–13°. Час існавання серабрыстых воблакаў да некалькіх гадзін. Па структуры серабрыстыя воблакі падобныя да лёгкіх перыстых воблакаў.

Фарміраванне серабрыстых воблакаў адбываецца пры пэўных умовах: пры нізкай тэмпературы і наяўнасці часціц пылу вулканічнага і касмічнага паходжання, што служаць ядрамі кандэнсацыі для ўтварэння крышталёў вады, якія ўзаемадзейнічаюць з сонечным выпрамяненнем, ствараючы серабрыста-сіняватае свячэнне. Вадзяная пара, якая крышталізуецца ў воблаках, паступае на гэту вышыню з ніжніх слаёў атмасферы. Развіццё серабрыстых воблакаў звязана з дынамічнымі працэсамі ў атмасферы, такімі як ветравыя патокі і турбулентнасць. Воблакі могуць змяняць сваю форму і памер, а таксама перамяшчацца на значныя адлегласці, уплываюць на надвор’е і клімат, перш за ўсё на радыяцыйны баланс Зямлі, паглынаючы і адбіваючы сонечнае выпрамяненне.

Па міжнароднай класіфікацыі воблакаў называюцца Noctilucent clouds (NLC).

Над тэрыторыяй Беларусі серабрыстыя воблакі фіксуюцца вельмі рэдка.