АТМАСФЕРНАЯ БАЧНАСЦЬ, адлегласць, на якой у светлы час сутак можна адрозніць абсалютна чорны аб’ект
pdf

АТМАСФЕРНАЯ БАЧНАСЦЬ

Дата стварэння: 16.06.2025 09:13:41

Дата змены: 11.08.2025 10:21:32


Атмасфе́рная ба́чнасць

Іншая назва: метэаралагічная далёкасць бачнасці.

Адлегласць, на якой у светлы час сутак можна адрозніць на фоне неба каля гарызонту або на фоне паветранай смугі абсалютна чорны аб’ект даволі вялікіх вуглавых памераў (больш як 15 вуглавых мінут).

Адна з характарыстык празрыстасці атмасферы. Залежыць ад кантрасту паміж прадметам і фонам, ад паслаблення святла з прычыны паглынання і рассеяння ў слоі паветра паміж вокам і прадметам, ад кантраснай адчувальнасці вока.

На метэаралагічных станцыях з дапамогай прыбораў або візуальна вымяраецца атмасферная бачнасць у дыяпазоне ад 50 м да 50 км як у дзённы (светлы), так і ў начны (цёмны) час сутак.

Найбольшая атмасферная бачнасць адзначаецца ў мала запыленым і сухім паветры (у празрыстым арктычным паветры часам перавышае 100 км). У тумане можа зніжацца да некалькіх сотняў і нават дзясяткаў метраў.

Ва ўмовах Беларусі атмасферная бачнасць рэзка зніжаецца ў халодны перыяд года, што звязана з вялікай колькасцю туманаў, смугой, а таксама са снегападамі і завірухамі. У буйных гарадах таксама адбываецца зніжэнне атмасфернай бачнасці ў сувязі з забруджваннем атмасферы.